Беларуская Служба

Кіраўнік украінскага МЗС заклікаў Бундэстаг прызнаць Вялікі голад генацыдам

22.11.2022 20:31
У інтэрв’ю штодзёнцы «Die Welt» Дзмітрый Кулеба пераконваў, што гэтага патрабуе справядлівасць.
Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулебафота: Lisa Ferdinando/Dod/Zuma Press/Forum

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба звярнуўся да ўладаў Германіі з заклікам прызнаць Вялікі голад ва Украіне генацыдам. Так званы «Галадамор», або Вялікі голад, быў катастрофай, выкліканай маскоўскім рэжымам, якая закранула Украіну ў 1930-х гадах. Тады загінула каля 10 мільёнаў чалавек. Тэму працягвае карэспандэнт Войцех Асіньскі(Wojciech Osiński):

- Артыкул кіраўніка ўкраінскай дыпламатыі ў штодзёнцы «Die Welt» з’явіўся за некалькі дзён да святкавання 90-х угодкаў Галадамору. Дзмітрый Кулеба нагадаў, што на пачатку 1930-х гадоў Украіна была «самым страшным месцам у свеце». «Грунтуючыся на наўмыснай хлусні, таталітарны рэжым Сталіна наўмысна марыў голадам мільёны ўкраінцаў», – чытаем у артыкуле. Дзмітрый Кулеба напісаў, што гэтая неймаверная трагедыя закранула практычна кожную ўкраінскую сям'ю, у тым ліку і яго ўласную. Ён дадаў, што сёння Расія дзеліць украінцаў гэтак жа, як і тады, сячэ незагойныя раны, якія так і не загаіліся да канца. «Сёння ўвесь свет бачыць, як паводзяць сябе ўлады ў Маскве. Цяжка казаць аб іх старой хлусні ў адрыве ад іх цяперашняга цынізму», – ацаніў міністр. Кіраўнік украінскага МЗС падзякаваў Германіі за падтрымку ў барацьбе з Расіяй і заклікаў нямецкую эліту працягваць атрымліваць урокі з гісторыі. «Справядлівасць патрабуе прызнання Бундэстагам Галадамору генацыдам», – адзначыў Дзмітрый Кулеба. З 1930 года Масква праводзіла ў вёсцы прымусовую калектывізацыю. Неўзабаве пасля загаду аб вывазе з Украіны ўсяго збожжа, у краіне пачаўся голад. Паводле агульных ацэнак, загінулі мільёны людзей.

IAR/аз