Беларуская Служба

Байдэн: Расія не зацікаўленая ў міры ва Украіне

22.12.2022 07:21
Прэзідэнт Джо Байдэн заявіў, што ЗША будуць падтрымліваць Украіну столькі, колькі гэта будзе неабходна.
Джо Байдэн запрасіў Уладзіміра Зяленскага ў Белы дом EPA/Oliver Contreras /POOL Dostawca: PAP/EPA.

Расія не зацікаўленая ў міры ва Украіне, лічыць амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн. Ён прыняў у Белым доме прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які ўпершыню пасля ўварвання Расіі здзейсніў замежную паездку.

Прэзідэнт Джо Байдэн заявіў, што ЗША будуць падтрымліваць Украіну столькі, колькі гэта будзе неабходна.
Ён таксама сказаў, што ва Уладзіміра Пуціна няма волі спыніць гэтую жорсткую вайну.

«Расія наўмысна нацэльвае энергетычную інфраструктуру Украіны і разбурае сістэмы, якія забяспечваюць украінцаў цяплом і святлом у самы халодны і цёмны час года. Расія выкарыстоўвае зіму як зброю, прымушаючы людзей мерзнуць або галадаць і адлучаючы людзей адзін ад аднаго», — сказаў Байдэн.

У сваю чаргу Уладзімір Зяленскі падзякаваў амерыканцам за падтрымку і заклікаў прыцягнуць Расію да адказнасці за ўсе злачынствы, учыненыя ва Украіне.

«Расія павінна адказаць за ўсё, што яна робіць супраць нашай краіны, нашага народа, супраць усёй Еўропы і ўсяго свету», — дадаў ён.

Украінскі прэзідэнт таксама падкрэсліў, што не пойдзе на кампраміс з Расіяй, калі яна хоча дамовіцца аб спыненні вайны. Ён сказаў, што Украіна патрабуе вярнуць сабе ўсе тэрыторыі, якія цяпер акупавала Расія.

IAR/яс