Беларуская Служба

Рамштайн-8: Дзмітрый Кулеба чакае ад Захаду перадачы танкаў для УСУ

04.01.2023 14:13
У гэтым годзе Украіна павінна атрымаць такое ўзбраенне, якое не магла атрымаць у мінулым годзе.
Wojna na Ukrainie
Wojna na Ukrainieshutterstock

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба прагназуе, што неўзабаве Узброеныя сілы Украіны атрымаюць ад партнёраў новую бранявую і агнявую моц, у тым ліку танкі, сказаў ён падчас анлайн-брыфінгу.

"Цяпер прэзідэнт Зяленскі і ўся яго дыпламатычная каманда інтэнсіўна працуе над новымі рашэннямі па пастаўках новых тыпаў заходняй зброі. Размова ідзе перш за ўсё аб пастаўках танкаў заходняга ўзору і іншай бронетэхнікі", - сказаў Кулеба.

Як падкрэсліў кіраўнік МЗС, няма сумненняў, што "ужо неўзабаве ўкраінскае войска будзе мець дадатковую бранявую і агнявую моц".

Пры гэтым, як сказаў міністар, адбываецца вялікая праца над тым, каб Германія перадала Украіне танкі Leopard.

"Я казаў у мінулым годзе, што перакананы, у 2023 годзе мы атрымаем тое, што не маглі па розных прычынах атрымаць у 2022. Я магу толькі пацвердзіць словы, што так і будзе, але ўсяму свой час. Чакайце навін", - заявіў міністр.

Як сказаў кіраўнік МЗС, Украіна спадзяецца на разуменне ўсімі партнёрамі асаблівай адказнасці цяперашняга моманту ў страшнай вайне, якую Расія развязала супраць Украіны.

"Чым мацней становіцца Украіна, тым хутчэй гэтая вайна набліжаецца да канца. Гэта павінна стаць аксіёмай для кожнага нашага партнёра. Мы ўскладаем вялікія надзеі на новыя рашэнні аб абароннай падтрымцы з боку партнёраў", – сказаў Кулеба.

У сувязі з гэтым ён дадаў, што неўзабаве адбудзецца наступнае пасяджэнне Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны (так званы "Рамштайн-8").

"Ён будзе вельмі важным для аб'яўлення новых рашэнняў", – адзначыў Кулеба.

УНІАН/нг