Беларуская Служба

ISW: Расійскія генералы спрабуюць перакласці адказнасць на мабілізаваных за страты ў Макееўцы

04.01.2023 18:02
Інцыдэнт у Макееўцы прывёў да рэзкай крытыкі ваеннага камандавання РФ.
      Himars
Удар па Макееўцы быў нанесены РСЗА Himarsфота: Узброеныя сілы Украіны/ Twitter

Прычынай гібелі расійскіх вайскоўцаў у Макееўцы стала выкарыстанне імі мабільных тэлефонаў. Аб гэтым сёння заявіў першы намеснік начальніка Галоўнага ваенна-палітычнага ўпраўлення Узброеных сіл РФ Сяргей Сеўрукоў. Паводле яго слоў, канчаткова ўстанавіць прычыны здарэння і вызначыць вінаватых можна будзе пасля заканчэння расследавання, якое вядзецца на месцы здарэння.

«Але ўжо цяпер відавочна, што асноўнай прычынай здарэння стала ўключэнне і масавае выкарыстанне – насуперак забароне – асабовым складам мабільных тэлефонаў у зоне дасяжнасці сродкаў паражэння суперніка. Дадзены фактар дазволіў суперніку запеленгаваць і вызначыць каардынаты размяшчэння вайскоўцаў для нанясення ракетнага ўдару», - заявіў Сеўрукоў.

Удар па базе расійскіх вайскоўцаў у Макееўцы УСУ нанеслі ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня. Відавочна, тады мабілізаваныя тэлефанавалі сваім родным, каб павіншаваць іх з Новым годам. Мінабароны РФ прызнала гібель 89 вайскоўцаў, Украіна называе лічбы ў 5 разоў большыя.

Інцыдэнт у Макееўцы прывёў да рэзкай крытыкі ваеннага камандавання РФ. Так, аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) лічаць, што расійскія генералы спрабуюць перакласці адказнасць на саміх мабілізаваных замест таго, каб прызнаць уласныя памылкі.

"Такія глыбокія ваенныя няўдачы і далей будуць ускладняць намаганні Уладзіміра Пуціна супакоіць расіян, якія падтрымліваюць вайну і захаваць дамінуючы наратыў ва ўнутранай інфармацыйнай прасторы", — гаворыцца ў справаздачы.

BILD/нг