Беларуская Служба

У. Зяленскі на Дзень саборнасці: Калі не дасягнуць сапраўднага адзінства, будзе страчана незалежнасць

22.01.2023 11:34
Менавіта сілай супольнасці нацыя можа заваяваць незалежнасць, а ў драматычныя моманты і адстаяць яе.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі president.gov.ua

Адзінства было і застанецца сілай Украіны, заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў гадавіну аб'яднання Украінскай Народнай Рэспублікі і Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі ў 1919 годзе. 22 студзеня адзначаецца Дзень саборнасці Украіны. Як падкрэсліў украінскі лідар, тэрытарыяльная цэласнасць краіны непасрэдна вынікае з агульных культурных каранёў народаў і мясцовых супольнасцяў, якія яе насяляюць.

Падзея больш чым 100-гадовай даўніны, абʼяднанне дзвюх украінскіх рэспублік, абгрунтоўвае права Украіны на самавызначэнне ў яе гістарычных межах, падкрэсліў Уладзімір Зяленскі.

- Гэтая гістарычная падзея перадала наступным пакаленням украінцаў дзве мудрасці. Калі барацьба будзе працягвацца, то рана ці позна адзіная незалежная дзяржава будзе адноўленая. Калі не дасягнуць сапраўднага адзінства, будзе страчана незалежнасць. Мы заўсёды ведалі першую мудрасць. І 24 лютага паказала, што апошняе мы таксама засвоілі.

Уладзімір Зяленскі сказаў, што менавіта сілай супольнасці нацыя можа заваяваць незалежнасць, а ў драматычныя моманты і адстаяць яе.

- Адзін за ўсіх, усе за аднаго. Кожны рэгіён змагаецца за кожны рэгіён. Для кожнага з нас, украінцаў, ужо няма чужога гораду ці вёскі. Кожны горад – сям’я, кожная вёска – сям’я, нават калі мы там ніколі не былі. Салдаты з Кіева, Львова, Крывога Рога, Жытоміра, Луганску і многіх іншых гарадоў ваююць за Ізюм, Купянск і Марыупаль. У той жа час вайскоўцы з Ізюма, Купянска, Марыупалю і многіх іншых гарадоў вядуць баі за Аўдзееўку, Бахмут і Саледар.

Дзень саборнасці Украіны быў афіцыйна заснаваны ў 1999 годзе. Ён закліканы ўшанаваць палітычнае і гістарычнае значэнне незалежніцкіх памкненняў украінцаў і іх жадання – прынамсі з сярэдзіны XIX стагоддзя – аб’яднаць дзве часткі Украіны.

iar/нг