Андрэй Бабіш, які прэтэндуе на пасаду прэзідэнта Чэхіі, заявіў, што як камандуючы ўзброенымі сіламі краіны ён быў бы супраць адпраўкі чэшскіх войскаў для абароны Польшчы ў выпадку нападу на яе. Пра гэта экс-прэм'ер заявіў падчас тэледэбатаў, якія завяршылі першы тыдзень напружанай кампаніі перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў у Чэхіі.
Андрэй Бабіш першапачаткова абвясціў, што будзе байкатаваць дэбаты на чэшскім тэлебачанні, аднак канчаткова прыняў удзел у дыскусіі. На пытанне, ці павінна Чэхія накіраваць свае войскі для абароны Польшчы ці краінаў Балтыі ў выпадку нападу на гэтыя краіны, былы прэм’ер адказаў, што не, бо не бачыць неабходнасці ў адкрытым узброеным канфлікце:
- Я хачу міру, а не вайны. Ні ў якім разе я не пашлю нашых дзяцей на вайну. На Польшчу ніхто не нападзе, мы павінны гэта прадухіліць.
У сваю чаргу апанент Бабіша, былы кіраўнік ваеннага камітэта НАТА Пэтр Павел патлумачыў, што паводле артыкула 5-га Паўночнаатлантычнага дагавора Чэхія будзе абавязаная абараняць хаўрусніцкую дзяржаву:
- Зʼяўляючыся членам такога кшталту арганізацый, мы не толькі карыстаемся калектыўнай абаронай, але і даем нешта ад сябе. Сумесныя дзеянні ў выпадку нападу на іншую краіну – гэта наш абавязак.
Галасаванне ў другім туры выбараў прэзідэнта Чэхіі пройдзе ў пятніцу і суботу. Лідарам апытанняў з’яўляецца Пэтр Павел.
IAR/аз