Беларуская Служба

Рускі добраахвотніцкі корпус зайшоў у Бранскую вобласць РФ

02.03.2023 12:52
Рускі добраахвотніцкі корпус, як сцвярджаецца, гэта баявое падраздзяленне з расійскіх эмігрантаў у складзе Інтэрнацыянальнага легіёна Узброеных сіл Украіны.
Байцы Рускага добраахвотніцкага корпуса ў адной з вёсак Бранскай вобласці .

СМІ і тэлеграм-каналы паведамляюць пра баявыя сутыкненні ў двух вёсках Бранскай вобласці Расіі, якая мяжуе з Украінай. Сцвярджаецца, што ў вёскі Любечане і Сушаны праніклі дыверсійна-разведвальныя групы з тэрыторыі Украіны.

У сацсетках з'явіліся відэа, знятыя ў сяле Любечане Бранскай вобласці – на фоне мясцовай пошты і фельчарска-акушэрскага пункта ваенныя, апранутыя ў камуфляжную форму, сцвярджаюць, што яны зʼяўляюцца байцамі нейкага Рускага добраахвотніцкага корпуса. І перайшлі мяжу Расійскай Федэрацыі, каб «вызваліць родную зямлю». Яны сцвярджаюць, што змагаюцца на баку Украіны з рэжымам Пуціна і не ваююць з мірнымі жыхарамі.

Заяўляецца, што рускі добраахвотніцкі корпус - гэта баявое падраздзяленне з расійскіх эмігрантаў у складзе Інтэрнацыянальнага легіёна Узброеных сіл Украіны. Украінскае выданне «Бабель» піша, што адзін з людзей на відэа – Дзяніс Нікіцін, расеец, які ваюе на баку Украіны.

«Бабель» паведамляе, што аператыўнае камандаванне УСУ не ведае аб інцыдэнце ў Бранскай вобласці. У камандаванні адмовіліся адказаць на пытанне, правакацыя гэта ці не. Дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у твітары напісаў, што «гісторыя пра ўкраінскія ДРГ у РФ – гэта класічная правакацыя» і пры гэтым выказаў меркаванне, што «партызанскі рух у РФ становіцца ўсё мацнейшым і агрэсіўнейшым».

ФСБ Расіі афіцыйна паведаміла, што «у прымежным Клімаўскім раёне Бранскай вобласці праводзяцца мерапрыемствы па знішчэнні ўзброеных украінскіх нацыяналістаў, якія парушылі дзяржаўную мяжу». Ніякіх іншых падрабязнасцяў не прыводзіцца.

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што экстранага пасяджэння не будзе, Савет бяспекі збярэцца на планавую нараду заўтра. Пры гэтым Пуцін у сувязі з падзеямі ў Бранскай вобласці адмяніў паездку ў Стаўрапольскі край.

iar/voa/эж