Спектр расійскіх злачынстваў ва Украіне выходзіць за межы цяперашняй лініі фронту і пераследу жыхароў акупаваных тэрыторый, заявіла першая лэдзі Украіны на канферэнцыі «Аб'яднаныя за справядлівасць» (United for justice), якая ўчора прайшла ў Львове.
Прадстаўнікі розных краінаў абмеркавалі стварэнне спецыяльнага трыбуналу па злачынствах агрэсіі, здзейсненай Расіяй супраць Украіны, а таксама механізм кампенсацыі Украіне страт, нанесеных Расійскай Федэрацыяй.
Алена Зяленская заявіла, што сексуальныя злачынствы – гэта не толькі вынік марадзёрства, але і загадзя спланаваная стратэгія тэрарызавання мірнага насельніцтва:
- Колькасць і поўная яўнасць актаў згвалтавання дае нам упэўненасць, што гэта мэтанакіраваная палітыка расійскага войска. Гэта іх свядомая, псіхалагічная і фізічная зброя супраць украінцаў. 171 справа аб згвалтаванні – менавіта столькі трапіла ў пракуратуру. Гэта не толькі жанчыны. Сярод пацярпелых 39 мужчын, 13 падлеткаў
Алена Зяленская падкрэсліла, што распачатыя крымінальныя справы датычацца выяўленых і задакументаваных фактаў. Яны не ўлічваюць фактаў, пра якія не паведамлялі праваахоўным органам, ні тых, што адбыліся на ўсё яшчэ акупаваных тэрыторыях. Алена Зяленская нагадала, што ахвяры згвалтаванняў часта баяцца гаварыць пра свае пакуты, баючыся стыгматызацыі.
Украінскія суды неўзабаве пачнуць масава разглядаць крымінальныя справы па справах аб ваенных злачынствах Расiі, звязаных з генацыдам украінскага насельніцтва, заявіў старшыня Вярхоўнага суду Украіны Усевалад Князеў.
IAR/яс