Беларуская Служба

Расійскі наступ дэзынфармацыі і дэстабілізацыі набірае моц у Еўропе

15.03.2023 16:03
«Гэта другі фронт расейскай вайны», – піша сёння Le Monde. На думку аглядальнікаў, мішэнямі Крамля з'яўляюцца перш за ўсё краіны Усходняй Еўропы і Афрыкі.
 .
Ілюстрацыйнае фота.shutterstock.com/Pukhov K & StZaryn/Twitter

Le Monde канстатуе, што Крэмль усё мацней супрацьстаіць уплыву Еўрасаюза, вядзе «гібрыдную вайну». «Яго зброя – дэстабілізацыя, дэзынфармацыя, маніпуляцыя сацыяльнай напружанасцю, газавы шантаж, мігранты і ўсё, што можа быць выкарыстана для аслаблення Еўрасаюза і дэмакратыі», – папярэджваюць аўтары ўплывовага медыя.

Рост ціску пракрамлёўскіх алігархаў у Грузіі, скарачэнне паставак газу ў Малдову, узмацненне дыпламатычнай актыўнасці ў Сербіі ці чарговая хваля імігрантаў з Лівіі ў Італію – гэта толькі некаторыя прыклады расійскіх спробаў дэстабілізацыі, пра якія піша Le Monde. Газета заклікае Еўропу падрыхтаваць «контрнаступ» у адказ на дзеянні Масквы.

У сваю чаргу штодзённік L’Opinion  піша пра новы наступ групоўкі Вагнера ў Афрыцы. Найміты, якія ўжо спрычыніліся да выгнання французскіх войскаў з Малі і Буркіна-Фасо, цяпер атакуюць яшчэ аднаго саюзніка Парыжа – Нігер. У лютым расіяне распаўсюдзілі ілжывую інфармацыю пра нібыта вайсковы пераварот у краіне і сувязяў французскіх вайскоўцаў з джыхадзістамі. «Гэтыя кампаніі кіруюцца са штаб-кватэры групы Вагнера ў Санкт-Пецярбургу», – паведамляе LʼOpinion. Расійскія прапагандысцкія атакі таксама зафіксаваныя ў Чадзе, Кот-дʼІвуары і Сенегале. Выданне сцвярджае, што Парыж і Вашынгтон працавалі разам, каб пазбегнуць пашырэння сферы ўплыву Расіі на Афрыканскім кантыненце.

IAR / вх