Беларуская Служба

ISW: Тэмпы расійскага наступу на ўсходзе Украіны запаволіліся

16.03.2023 14:32
Наступальная аперацыя расійскіх войскаў у Луганскай вобласці, магчыма, ужо дасягнула свайго максімуму, ацэньвае ў чацвер Амерыканскі інстытут ваенных даследаванняў.
Харкаўская вобласць PAP/Mykola Kalyeniak

Аналітыкі нагадваюць меркаванне прэс-службы ўкраінскай арміі, што з-за страт у людзях і тэхніцы расійскія войскі страцілі наступальны патэнцыял. У Інстытуце падкрэсліваюць, што гэта супадае з ацэнкай аналітыкаў гэтага цэнтра. Яны мяркуюць, што «расійская наступальная аперацыя ў Луганскай вобласці, верагодна, набліжаецца да максімальнай кропкі, калі ўжо не дасягнула, хоць Расія задзейнічала большасць элементаў як мінімум трох дывізій на лініі Сватаў-Крэмень».

Расійскія войскі на мінулым тыдні дасягнулі толькі «мінімальных тактычных выйгрышаў па ўсёй лініі фронту ў Луганскай вобласці», а ўкраінскім сілам «верагодна, удалося нанесці контратакі і вярнуць тэрыторыі ў Луганскай вобласці», мяркуе ISW.

Паводле ўкраінскіх крыніцаў, таксама змяншаецца колькасць нападаў на абложаны расіянамі Бахмут, дадае цэнтр. Ён мяркуе, што наступленне наймітаў групы Вагнера на Бахмут таксама набліжаецца да кульмінацыі. Цэнтр адзначае, што «расійскім сілам, верагодна, давядзецца вылучыць значныя рэзервы, каб прадухіліць гэтую кульмінацыю. Магчыма, яны здолеюць гэта зрабіць. ISW зарэгістравала элементы расійскіх дэсантных палкоў у Бахмуце і вакол яго, якія, здаецца, не прымаюць моцнага ўдзелу ў барацьбе ў дадзены момант».

«Расіяне таксама могуць задзейнічаць элементы іншых звычайных падраздзяленняў», у тым ліку прыцягваць войскі з іншых месцаў на фронце», – працягвае цэнтр. Тым не менш, паводле яго ацэнак, «аднаго наступу групы Вагнера недастаткова, каб авалодаць Бахмутам».

Расійскія войскі не вядуць актыўных або эфектыўных наступальных дзеянняў у іншым месцы ў раёне баявых дзеянняў, адзначае амерыканскі аналітычны цэнтр. «З запаволеннем тэмпаў баявых дзеянняў на крытычных участках фронту ўкраінскія сілы могуць атрымаць магчымасць вярнуць ініцыятыву», – заключаюць аналітыкі.

ав