Беларуская Служба

ЗША не падтрымае «мірнага плану» Кітая па Украіне, які Сі Цзіньпін намераны прадставіць Пуціну і Зяленскаму

17.03.2023 09:01
Кіраўніка кітайскай дзяржавы запрасіў у Маскву дыктатар Пуцін.
Сакратар ЦК Камуністычнай партыі Кітая Сі Цзіньпінфота: PAP/EPA/XINHUA / Yan Yan

Візіт кіраўніка Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна адбудзецца ў Маскве з 20 па 22 сакавіка. Як паведамляе Крэмль у сваім афіцыйным Telegram-канале, кітайскі лідар прыбудзе ў Расію на запрашэнне Уладзіміра Пуціна.

У планах «абмен меркаваннямі» па пашырэнні расійска-кітайскага супрацоўніцтва на міжнароднай арэне. Акрамя гэтага Крэмль анансаваў, што лідары дзяржаў падпішуць шэраг двухбаковых дакументаў.

Выданне The Wall Street Journal у лютым заяўляла, што візіт Сі плануецца на красавік-май. Кіраўнікі сваіх дзяржаў мусілі сустрэцца на адным з самітаў. У прыватнасці Расія лічыла добрай датай прыезду Сі Цзіньпіна 9 мая – тады ў Расіі святкуецца Дзень Перамогі.

Аднак Reuters нядаўна заявіў, што сустрэча адбудзецца хутчэй, чым чакалася згодна з планам. У панядзелак 13 сакавіка выданне атрымала інфармацыю, што Сі Цзіньпін прыбудзе ў Маскву на наступным тыдні.

У прыватнасці, кіраўнік КНР хоча пасля гэтай сустрэчы правесці тэлефонную размову з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Калі перамовы адбудуцца, то Сі і Зяленскі будуць мець прамы кантакт упершыню з пачатку поўнамаштабнага ўварвання.

ЗША не падтрымліваюць высунуты Кітаем «мірны план» па Украіне, які між іншым прадугледжвае спыненне агню. Аб гэтым заявіў каардынатар Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі.

Паводле словаў Кірбі, сама па сабе прапанова аб спыненні агню «гучыць цалкам разумна», але зараз яна па сутнасці «ратыфікавала б акупацыю Расіяй» украінскіх тэрыторый.

УНІАН/нг