Беларуская Служба

ЕС канчаткова вырашыў забараніць продаж новых эмісійных аўтамабіляў пасля 2035 году

28.03.2023 14:17
Польшча і Італія былі супраць.
Ілюстрацыяtookapic/pixabay.com/CC0

Ёсць канчатковае рашэнне краін Еўрасаюзу адносна рэгламенту аб забароне продажу новых эмісійных аўтамабіляў пасля 2035 году. Польшча і Італія былі супраць. Балгарыя і Румынія ўстрымаліся ад галасавання. Палажэнні былі ўзгоднены з Еўрапейскім парламентам некалькі месяцаў таму, але адсутнасць згоды Германіі азначала, што існавала так званая блакіруючая меншасць і правілы не маглі быць прынятыя.

У мінулыя выходныя Берлін дасягнуў пагаднення з Бруселем, і правілы былі канчаткова зацверджаны сёння. Камісія па просьбе Германіі ўзялася за падрыхтоўку правілаў, каб аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання маглі працаваць на сінтэтычным паліве.

Польшча, якая з самага пачатку прац выступала супраць, сцвярджала, што выдаткі нельга перакласці на грамадзян, для якіх экалагічныя аўтамабілі будуць занадта дарагімі, што 2035 год нерэальны і што правілы не ўлічваюць розныя ўмовы ў дзяржавах-членах.

Міністарка клімату і навакольнага асяроддзя Польшчы Ганна Масква раскрытыкавала прынятую забарону на новыя аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання пасля 2035 года. «Мы не змаглі падтрымаць пастанову, недастаткова аналізу наступстваў для нашай эканомікі, грамадства і транспартнага сектара. Лічым, што гэта нанясе шкоду нашай эканоміцы і грамадзянам», – дадала міністарка.

ав