Беларуская Служба

Джо Байдэн заклікаў вызваліць журналістаў, незаконна затрыманых у Расіі і іншых дзяржавах

30.04.2023 08:23
Прэзідэнт падкрэсліў важнасць СМІ ў дэмакратычным грамадстве. «
  .
Прамова Джо Байдэна.фота: PAP/EPA/Nathan Howard / POOL

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падчас штогадовага гала-канцэрта Асацыяцыі карэспандэнтаў Белага дома заклікаў вызваліць журналістаў, незаконна затрыманых у Расіі і іншых дзяржавах. Амерыканскі лідар падкрэсліў ключавую ролю свабодных СМІ ў дэмакратыі. На прэстыжнае мерапрыемства ў Вашынгтоне сабраліся журналісты, селебрыці і палітыкі.

Падчас сваёй прамовы Джо Байдэн падкрэсліў важнасць СМІ ў дэмакратычным грамадстве. «Свабодныя СМІ – адзін са слупоў, магчыма, нават галоўны слуп свабоднага грамадства, а не яго вораг», – сказаў ён. Прэзідэнт заклікаў неадкладна вызваліць журналістаў, затрыманых за мяжой, у тым ліку карэспандэнта Wall Street Journal Эвана Гершковіча, затрыманага ў Расіі па абвінавачванні ў шпіянажы.

Прэзідэнт ЗША з'явіўся ў якасці спецыяльнага госця на гала-канцэрце Асацыяцыі карэспандэнтаў Белага дома. Па традыцыі, частка прамовы Джо Байдэна была ў лёгкім стылі. Прэзідэнт ЗША жартаваў з палітычных апанентаў, журналістаў і сябе – у тым ліку са свайго ўзросту. «Я веру ў першую папраўку да Канстытуцыі, не ў апошнюю чаргу таму, што яе напісаў мой добры сябар Джым Мэдысан», – сказаў 80-гадовы прэзідэнт.

Следам за Джо Байдэнам выйшаў амерыканскі комік Рой Вуд-малодшы, які не шкадаваў злосці ў адрас палітыкаў, СМІ, знакамітасцяў і самога прэзідэнта. «У Францыі людзі выходзяць на вуліцы, каб пратэставаць супраць павышэння пенсійнага ўзросту да 64 гадоў, а ў Амерыцы ёсць 80-гадовы, які хоча застацца на сваёй пасадзе яшчэ на 4 гады», – пажартаваў ён.

Асацыяцыя карэспандэнтаў Белага дома была заснавана ў 1914 годзе. З 1921 года амаль штогод праводзіцца вечарына, каб адзначыць працу журналістаў, якія асвятляюць дзейнасць прэзідэнта ЗША, узнагародзіць выдатных рэпарцёраў і сабраць грошы на стыпендыі для маладых журналістаў.

Журналіст Польскага радыё Марэк Валкускі зʼяўляецца сябрам Асацыяцыі карэспандэнтаў Белага дому з 2018 году. Ён належыць да так званага «прэс-пулу», які суправаджае прэзідэнта ЗША падчас закрытых для іншых СМІ мерапрыемстваў. Ён таксама рыхтуе рэпартажы для амерыканскіх СМІ аб візітах у Белы дом замежных лідараў. Валкускі прадстаўляе Польшчу ў White House Foreign Press Group, гэта значыць строгім прэс-корпусе Белага дома. Ён – адзіны з чатырох еўрапейскіх журналістаў і адзіны прадстаўнік Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

IAR/нг