Беларуская Служба

Аўстрыя выдаткуе 2 млн еўра на размінаванне ўкраінскіх тэрыторый

28.05.2023 17:05
Рашэнне прыняў аўстрыйскі ўрад.
Сцяг АўстрыіFachdozent/pixabay.com/CC0

Аўстрыя выдаткуе 2 млн еўра на размінаванне ўкраінскіх тэрыторый, якія былі ў акупацыі, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на Kurier.

У краіне, якая прытрымліваецца нейтралітэту, пачаліся дэбаты з гэтай нагоды, адзначае выданне. У прыватнасці, супраць выдзялення сродкаў выступала міністр абароны Кляўдыя Танэр, а за – прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Бэлен.

У выніку канцлер Карл Нэхамэр паведаміў, што аўстрыйскі ўрад накіруе 2 млн еўра на размінаванне тэрыторыі Украіны праз Міжнародны траставы фонд. Пры гэтым ён падкрэсліў, што «ніводзін аўстрыйскі салдат не ўвойдзе на ўкраінскую зямлю для размінавання, пакуль гэта зона баявых дзеянняў».

Віцэ-канцлер Вэрнэр Коглер дадаў: «Быць нейтральным не азначае, што мы сядзім склаўшы рукі і глядзім у іншы бок. (...) Такім чынам мы дапамагаем украінскім дзецям зноў наведваць дзіцячыя садкі і школы. І мы ўмацоўваем харчовую бяспеку, дазваляючы фермерам зноў апрацоўваць свае палі».

яс