Беларуская Служба

Сканчваецца збожжавае пагадненне паміж Украінай і Расіяй, што далей – невядома

16.07.2023 13:16
Лёс збожжавага пагаднення, якое дазваляе экспартаваць з Украіны праз Чорнае мора, невядомы.
Ілюстрацыйнае фотаElena Larina/Shutterstock

Нявызначаны лёс збожжавага пагаднення, якое дазваляе экспартаваць з Украіны праз Чорнае мора. Расія абвясціла, што не падаўжае дамову, тэрмін дзеяння якой заканчваецца заўтра.

Збожжавае пагадненне было падпісана ў ліпені мінулага года дзякуючы намаганням ААН і Турцыі ў адказ на блакаду Расіяй чарнаморскіх партоў. Гэтая блакада ўдарыла па краінах Афрыкі і Блізкага Усходу, якія былі асноўнымі імпарцёрамі ўкраінскага збожжа. Еўрасаюз і ААН заклікаюць Расію падоўжыць збожжавае пагадненне.

Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен некалькі дзён таму заявіла, што на карту пастаўлена харчовая бяспека. «Цяпер мяч на баку прэзідэнта Пуціна. Свет назірае», – дадала яна.

Еўрасаюз адхіляе абвінавачванні Расіі ў тым, што санкцыі ЕС выклікаюць харчовы крызіс. Ён кажа, што гэта хлусня, маніпуляцыя і дэзінфармацыя. ЕС падкрэслівае, што напад Расіі на Украіну і выкарыстанне ёю ежы ў якасці зброі прывялі да праблем.

Але раней з'явілася інфармацыя, што ЕС разглядае магчымасць саступак, каб гарантаваць працяг збожжавага пагаднення. Ідэя заключаецца ў тым, каб расійскі сельскагаспадарчы банк, адлучаны ад міжнароднай сістэмы фінансавых разлікаў SWIFT, вылучыў даччыную структуру, якая была б падключана да сістэмы і займалася б плацяжамі, звязанымі з экспартам збожжа.

IAR/вх