Беларуская Служба

Неабгрунтаванымі называе Яўген Магда словы У. Зяленскага аб Польшчы, якая ўвяла эмбарга на ўкраінскае збожжа

20.09.2023 16:02
Палітолаг адзначае, што сапраўднай мерай адносін паміж краінамі павінны быць дзеянні, а не словы.
ЗбажынаArcaion/pixabay.com/CC0 Public Domain

«Неабгрунтаваныя і непатрэбныя» – так украінскі палітолаг Яўген Магда ў інтэрв'ю Польскаму радыё ацэньвае словы Уладзімера Зяленскага адносна польскага эмбарга на ўкраінскае збожжа. Прэзідэнт Украіны, выступаючы ў ААН у Нью-Ёрку, заявіў, што некаторыя сябры яго краіны дэкларуюць салідарнасць з гэтай краінай, але насамрэч, рыхтуюць сцэну для расійскага актора. На думку аднаго з вядучых украінскіх палітолагаў, заява Уладзіміра Зяленскага можа сурʼёзна пагоршыць сяброўскія адносіны паміж Польшчай і Украінай.

Яўген Магда падкрэсліў, што ўкраінскія ўлады абавязаны клапаціцца пра інтарэсы сваіх сельгасвытворцаў, але заява ўкраінскага прэзідэнта была памылкай. Эксперт мяркуе, што ў інтарэсах абедзвюх краін спыніць канфлікт, інакш прайграюць і палякі, і ўкраінцы.

- Я не лічу памылкай адстойванне інтарэсаў Украіны ў экспарце збожжа, але форма, у якой гэта было зроблена, няправільная. Напад Уладзіміра Зяленскага на нашых польскіх партнёраў – відавочная памылка. Тым больш, што гэта адбывалася ва ўмовах польскай перадвыбарчай кампаніі, незалежна ад яе ходу.

Палітолаг, кіраўнік Украінскага інстытуту сусветнай палітыкі, падкрэслівае, што словы Зяленскага ў кантэксце Расіі неапраўданыя. Яўген Магда адзначае, што сапраўднай мерай адносін паміж краінамі павінны быць дзеянні, а не словы. «Я бачу Польшчу ўзорам дапамогі Украіне. Гэтая дапамога пачалася яшчэ да поўнамаштабнай расійскай агрэсіі. Я бачу Польшчу як месца, куды ўцяклі мільёны ўкраінцаў», – сказаў ён.

16 верасня ўступіла ў сілу пастанова польскага ўраду аб бестэрміновай забароне на ўвоз у Польшчу некаторых украінскіх сельскагаспадарчых прадуктаў, у тым ліку пшаніцы. Яе мэта – абараніць ад дэстабілізацыі польскі рынак. Аналагічныя рашэнні таксама прынялі ўрады Венгрыі і Славакіі. Украіна падала скаргу ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Яна таксама заявіла аб увядзенні люстранога эмбарга на ўвоз польскай сельгаспрадукцыі.

IAR/нг