«На сённяшні дзень мы зарэгістравалі 105 тысяч выпадкаў ваенных злачынстваў, і, што важна, гэта не ўсе злачынствы, якія былі здзейсненыя. Многія лічбы заніжаныя, таму што ваенныя злачынствы па-ранейшаму здзяйсняюцца на акупаваных тэрыторыях. Больш за тое, людзі, якіх ужо няма ў жывых, не змаглі паведаміць пра злачынствы, ахвярамі якіх сталі. Такім чынам, мы разумеем, што лічба велізарная», – сказаў Косцін у інтэрв'ю «Голасу Амерыкі».
Пракурор падкрэсліў, што ўсе злачынствы павінны расследавацца належным чынам – важна забяспечыць высокія стандарты доказаў. Ён таксама прызнаў: «Для гэтага патрэбныя магчымасці. Расследаваць такую колькасць злачынстваў цяжка – практычна немагчыма».
У мінулую пятніцу Косцін сустрэўся ў Вашынгтоне са сваім амерыканскім калегам Мерыккам Гарландам, а таксама з прадстаўнікамі Мінюста ЗША і Федэральнага бюро расследаванняў (ФБР). Абедзве ўстановы будуць дапамагаць Украіне ў расследаванні ваенных злачынстваў. Косцін падкрэсліў, што Кіеў разлічвае на вынікі гэтага супрацоўніцтва.
«Я хачу, каб не толькі Украіна і не толькі Міжнародны крымінальны суд, як міжнародны суд, вёў працэсы супраць расійскіх ваенных злачынцаў. Важна, каб гэта рабілі і іншыя краіны, у прыватнасці ЗША», – сказаў ён.
Паводле яго слоў, Мінюст ЗША будзе дапамагаць Украіне не толькі ў такіх прыярытэтных пытаннях, як пытанне дэпартацыі з Расіі ўкраінскіх дзяцей. У фокусе ўвагі таксама такія тэмы, як кібератакі і злачынствы супраць навакольнага прыроднага асяроддзя. Генпракуратура Украіны вызнае кібератакі ваенным злачынствам, падкрэсліў Косцін.
Пракурор таксама меў перамовы з прадстаўнікамі ФБР аб расследаванні незаконнага вывазу культурных каштоўнасцяў з Украіны і замахаў на ўкраінскую культурную спадчыну.
PAP / вх