Беларуская Служба

ISW: Расія гатовае адмовіцца ад Бахмута дзеля ўмацавання Мелітопаля

30.09.2023 09:04
Аналітыкі ISW таксама адзначылі, што апошнім часам расійскія акупанты знізілі тэмпы наступальных дзеянняў на лініі Купянск-Сватаў-Крэмень.
Вайна ва УкраінеPAP/AA/ABACA

Аналітыкі амерыканскага Інстытута даследавання вайны са спасылкай на расійскіх інсайдэраў адзначаюць, што кіраўнік Генштаба РФ Валерый Герасімаў гатовы вывесці войскі з Бахмута і аддае перавагу абароне Мелітопаля і Бярдзянска, каб не даць украінскім войскам падцягнуць артылерыю да Крыма.

«У ISW няма доказаў, якія пацвярджаюць сцвярджэнні інсайдэраў. Калі гэтыя сцвярджэнні ілжывыя, гэта можа сведчыць аб тым, што ў расійскай інфармацыйнай прасторы існуе зладжаная спроба дыскрэдытаваць Герасімава», – адзначаюць аналітыкі.

Яны паказваюць, што гэтыя прэтэнзіі могуць быць часткай інфармацыйнай вайны паміж расійскім кіраўніцтвам, паколькі, паводле некаторых расійскіх крыніцаў, Герасімаў адхіліў камандуючага ПДВ генерал-палкоўніка Міхаіла Цяплінскага ад пасады намесніка камандуючага ва Украіне.

Магчыма, гэтыя заявы аб гатоўнасці Герасімава пайсці на саступкі на фронце маюць на мэце ўзмацніць пазіцыі Цяплінскага.

Аналітыкі ISW таксама адзначылі, што апошнім часам расійскія акупанты знізілі тэмпы наступальных дзеянняў на лініі Купянск-Сватаў-Крэмень.

Гэта, на іх думку, сведчыць аб тым, што ўкраінскае контрнаступленне адцягвае расійскія сілы ад гэтага напрамку і значна аслабляе наступальныя намаганні Расіі.

яс/unian.ua