Беларуская Служба

Брытанская выведка: Расія можа мініраваць падыходы да ўкраінскіх партоў

05.10.2023 08:03
«Расія плануе мініраваць акваторыю, каб у выпадку патаплення карабля можна было ілжыва абвінаваціць украінскі бок».
Чорнае мораViacheslav Rubel / Shutterstock

Вялікабрытанія папярэдзіла, што Расія можа пачаць атакаваць у Чорным моры грамадзянскія судны з украінскім збожжам. Паводле брытанскай выведкі, для гэтага расіяне могуць мініраваць падыходы да ўкраінскіх партоў.

«Расія хоча пазбегнуць адкрытага нападу на гэтыя судны. Замест гэтага яна плануе мініраваць акваторыю, каб у выпадку патаплення карабля можна было ілжыва абвінаваціць украінскі бок», – гаворыцца ў дакладзе брытанскай выведкі, апублікаваным МЗС Вялікабрытаніі.

У ліпені Расія выйшла з збожжавага пагаднення з Украінай, якое гарантавала недатыкальнасць суднам, якія перавозілі ўкраінскае збожжа праз Чорнае мора. У адказ Украіна стварыла часовы гуманітарны калідор для гандлёвых караблёў.

У верасні брытанская выведка абвінаваціла Расію ў ракетным нападзе на гандлёвае судна ў Чорным моры ў канцы жніўня. Атаку сарвала ўкраінская супрацьпаветраная абарона.

яс