У гэтым месяцы ў Стамбуле пройдзе сустрэча для абмеркавання Формулы міру Зяленскага.
У гэтым месяцы павінна адбыцца трэцяя міжнародная сустрэча для дасягнення міру ва Украіне – аналагічная той, што прайшла ў Джыдзе ў Саудаўскай Аравіі ў жніўні.
Як піша Bloomberg са спасылкай на крыніцы, мерапрыемства будзе прымаць Турцыя. На парадку дня – мірны план украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага з 10 пунктаў, які прадугледжвае поўнае вывядзенне расійскіх войскаў з Украіны. Таксама будуць абмяркоўвацца планы Кіева правесці глабальны саміт па прапановах адносна ўстанаўлення міру.
Чакаецца, што ў сустрэчы ў Стамбуле прыме ўдзел абмежаваная колькасць афіцыйных асоб, у тым ліку прадстаўнікі ЗША. У той жа час зазначаюць, што Белы дом пакуль не вызначыў, хто менавіта будзе ўдзельнічаць.
Арганізатары сустрэчы таксама хочуць, каб Кітай прыняў удзел у гэтым раўндзе абмеркаванняў, але пакуль невядома, ці адправіць Пекін свайго прадстаўніка, гавораць крыніцы выдання. Расія, як і ў мінулы раз, не запрошаная. Апошнія сустрэчы краіна-агрэсар асудзіла як нелегітымныя.
Сустрэча ў Турцыі – ужо трэцяе падобнае мерапрыемства для абмеркавання ўрэгулявання вайны ва Украіне. У чэрвені падобнае мерапрыемства праводзіла Данія, у жніўні – Саудаўская Аравія.
Урад Саудаўскай Аравіі запрасіў прадстаўнікоў прыкладна 40 краін. Да перамоваў былі запрошаныя дарадцы па нацыянальнай бяспецы і дыпламаты з Украіны, некалькіх ключавых краін-саюзнікаў Кіева, прадстаўнікі краін «Вялікай дваццаткі» (у прыватнасці, Індыі, Бразіліі і Кітая, якія не асуджаюць расійскае ўварванне).
яс/unian.ua