Прэм'ер-міністр Бельгіі пацвердзіў перадачу Украіне F-16 з 2025 года. Пра гэта Аляксандр Дэ Кро заявіў на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Бруселі.
Бельгія, хоць і ўваходзіць у міжнародную кааліцыю, якая падтрымлівае Украіну, пакуль адмаўлялася адпраўляць F-16. Цяпер урад у Бруселі змяніў падыходы.
«З 2025 года Бельгія зможа перадаць Украіне знішчальнікі F-16. Яны будуць у вашым распараджэнні», – сказаў Аляксандр Дэ Кро.
Перадача самалётаў у канчатковым выніку павінна быць зацверджана новым урадам, абраным пасля выбараў у наступным годзе.
Уладзімір Зяленскі падзякаваў Бельгіі за гэтую дэкларацыю і аказаную фінансавую дапамогу. Ён адзначыў, што Бельгія была першай краінай, якая пачала выкарыстоўваць для гэтых мэтаў замарожаныя расійскія актывы.
Прэзідэнта Украіны на канферэнцыі спыталі, ці не баіцца ён змяншэння падтрымкі Украіны, напрыклад, у сувязі з нападам «Хамас» на Ізраіль і перанакіраваннем увагі Захаду. Уладзімір Зяленскі адказаў, што такая рызыка ёсць.
Аднак ён выказаў надзею, што гэтага не адбудзецца. Ён папярэдзіў, што гэта было б небяспечна, бо калі Украіна цяпер не атрымае дастатковай падтрымкі, праз некалькі гадоў Расія ўзмоцніцца і нападзе на іншыя еўрапейскія краіны.
яс