Беларуская Служба

Орбан сустрэўся з Пуціным у Пекіне

17.10.2023 15:42
Венгерскі прэм'ер- міністр – адзіны лідар краіны ЕС, які сустрэўся з прэзідэнтам Расіі пасля яе агрэсіі супраць Украіны.
Орбан сустрэўся з Пуціным у ПекінеEPA/GRIGORY SYSOEV /SPUTNIK / KREMLIN POOL MANDATORY CREDIT Dostawca: PAP/EPA.

У сталіцы Кітая адбылася беспрэцэдэнтная сустрэча Віктара Орбана і Уладзіміра Пуціна. Венгерскі прэм'ер- міністр – адзіны лідар краіны ЕС, які сустрэўся з прэзідэнтам Расіі пасля яе агрэсіі супраць Украіны.

Да сёння ніякія венгерскія ўрадавыя крыніцы не пацвердзілі гэта, але ўсе здагадваліся, што Віктар Орбан паляцеў у Пекін, у тым ліку, каб сустрэцца з Уладзімірам Пуціным. Яны ўдзельнічаюць у кітайскім саміце «Адна паласа, адзін шлях». Сёння адбылася размова двух лідараў. Прэс-сакратар прэмʼер-міністра Венгрыі ў прэс-рэлізе напісаў, што палітыкі абмеркавалі супрацоўніцтва краін у галіне паставак нафты і газу, а таксама ядзернай энергетыкі.

У выступе, які транслявалі расійскія СМІ, Уладзімір Пуцін заявіў, што ў складаных геапалітычных умовах важна, каб Расія магла весці перамовы і абмены з краінай Еўрасаюза. Адзіная такая краіна – Венгрыя, а Віктар Орбан – адзіны палітык Еўрсаюза, які не толькі наведаў Маскву, але і сустракаўся сёння з прэзідэнтам Расіі. У Кіеў ён, пакуль, не прыязджаў.

Рэгіянальныя СМІ звяртаюць асаблівую ўвагу на словы Віктара Орбана, які, як кажуць, вельмі нерваваўся падчас сустрэчы з Пуціным. Прэмʼер-міністр Венгрыі назваў вайну ва Украіне, распачатую пуцінскай Расіяй, «ваеннай аперацыяй».

яс