«Першы працоўны візіт на новай пасадзе Дэвід Кэмеран, дзяржаўны сакратар па замежных справах, справах Садружнасці нацый і развіцця Вялікабрытаніі, здзейсніў ва Украіну», – напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваіх сацсетках.
Прэзідэнт паведаміў, што абмеркаваў з новым кіраўніком брытанскай дыпламатыі зброю для фронту, узмацненне СПА, «абарону нашых людзей і крытычнай інфраструктуры».
На сустрэчы Зяленскі зазначыў, што цяпер свет не так моцна сфакусаваны на сітуацыі ва Украіне, а «раздзяленне фокусу не дапамагае». Ён падзякаваў Брытаніі за тое, што яна «заўсёды падтрымлівае Украіну».
«Я хацеў, каб мой першы візіт быў менавіта да вас. Асабіста я захапляюся сілай і рашучасцю ўкраінскага народа. І сваім візітам я хачу сказаць, што мы працягнем аказваць вам маральную падтрымку, дыпламатычную падтрымку, эканамічную падтрымку і перш за ўсё – ваенную падтрымку, у якой вы маеце патрэбу. Не толькі ў гэтым годзе, але і ў наступным годзе і столькі, колькі спатрэбіцца», – заявіў Дэвід Кэмеран.
Ён дадаў, у яго былі «некаторыя рознагалоссі» з экс-прэм'ерам Барысам Джонсанам, але яго падтрымка Украіны – «гэта лепшая рэч».
Кэмеран запэўніў, што Вялікабрытанія будзе працаваць над тым, каб захаваць увагу да Украіны.
У Офісе прэзідэнта Украіны асобна паведамілі, што на сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя з бяспекай у Чорным моры і далейшая праца альтэрнатыўнага «збожжавага калідора».
Суразмоўцы скаардынавалі пазіцыі па рэалізацыі сумесных шматбаковых і двухбаковых ініцыятыў, у прыватнасці ў кантэксце прасоўвання Украінскай формулы міру і напрацоўкі гарантый бяспекі ў развіццё прынятай «Групай сямі» на Віленскім саміце НАТА Сумеснай дэкларацыі аб падтрымцы Украіны.
Асобную ўвагу надалі пытанням еўраатлантычнай інтэграцыі і падтрымкі Вялікабрытаніяй прасоўвання Украіны да членства ў НАТА.
Нагадаем, у панядзелак Лондан абʼявіў аб зменах у складзе ўрада. У прыватнасці, былы брытанскі прэмʼер-міністр Дэвід Кэмеран узначаліў МЗС, а яго папярэднік на гэтай пасадзе Джэймс Клеверлі перайшоў у Міністэрства ўнутраных спраў замест Суэлы Браверман, якая адзначылася апошнім часам супярэчлівымі заявамі.
Міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба далучыўся да еўрапейскіх калег, якія павіншавалі былога прэмʼер-міністра Вялікабрытаніі Дэвіда Кэмерана з прызначэннем на пасаду кіраўніка брытанскага МЗС.
Еўрапейская праўда
нг