Беларуская Служба

ISW: Узброеныя сілы Украіны ўтрымліваюць пазіцыі на левым беразе Дняпра

19.11.2023 14:34
Расійскія крыніцы паведамляюць, што ўкраінскія сілы працягваюць перакідваць дадатковую пяхоту на ўсходні бераг.
ІлюстрацыяFB/GeneralStaff.ua

Аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) паведамляюць, што УС Украіны працягваюць баявыя дзеянні на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці, утрымліваюць пазіцыі і, як мяркуецца, дадаткова перакідваюць туды пяхоту.

У аглядзе адзначаецца, што ўкраінскія сілы 18 лістапада працягвалі баявыя дзеянні на ўсходнім (левым) беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што ўтрымліваюць пазіцыі на ўсходзе Херсонскай вобласці.

Пры гэтым расійскі «ваенкары» заявілі, што ўкраінскія войскі пры падтрымцы артылерыі няўдала атакавалі ў раёне вёсак Пойма (10 км на паўднёвы ўсход ад Херсона і 4 км ад Дняпра) і Пішчанаўка (13 км на паўднёвы ўсход ад Херсона і 3 км ад Дняпра), а таксама ад вёскі Крынкі (30 км на паўночны ўсход ад Херсона і 2 км ад Дняпра).

Расійскія крыніцы паведамляюць, што ўкраінскія сілы працягваюць перакідваць дадатковую пяхоту на ўсходні бераг.

pap/эж