Злучаныя Штаты абвясцілі аб 51-м пакеце ваеннай дапамогі Украіне на 100 мільёнаў долараў. Інфармацыя аб перадачы Украіне дадатковых узбраенняў супала з учорашнім візітам у Кіеў міністра абароны ЗША Лойда Осціна.
Пентагон заявіў, што апошні пакет будзе сфармаваны з існуючых рэсурсаў. Украіна атрымае, у тым ліку, ракетны комплекс HIMARS з боепрыпасамі, артылерыйскія снарады калібра 155 мм і 105 мм, ракеты TOW і супрацьтанкавыя комплексы Javelin і AT-4.
Пакет таксама будзе ўключаць зенітныя ракеты Stinger і 3 мільёны патронаў да стралковай зброі. Украіна таксама атрымае аскепкава-фугасныя боепрыпасы, абсталяванне для ваенных дзеянняў пры нізкіх тэмпературах, запчасткі і палявое абсталяванне.
«Дапамога Украіне ў галіне бяспекі — гэта інвестыцыі ў нашу нацыянальную бяспеку», — гаворыцца ў заяве Міністэрства абароны ЗША.
З пачатку расійскага ўварвання ЗША выдзелілі Украіне больш за 40 мільярдаў долараў ваеннай дапамогі. Нядаўна Белы дом абвясціў, што з раней выдзеленых сродкаў застаўся толькі 1 мільярд долараў. Прэзідэнт Джо Байдэн звярнуўся ў Кангрэс з просьбай аб дадатковых сродках для Украіны, але канчатковае рашэнне пакуль не прынятае.
ПР/юл