Беларуская Служба

Украіна магла страціць 20 працэнтаў сваіх перадваенных магчымасцяў у галіне навуковых даследаванняў

12.12.2023 07:41
У выніку вайны з Расіяй Украіна магла страціць каля 20 працэнтаў патэнцыялу для правядзення навуковых даследаванняў, размова ідзе ў асноўным пра час, які навукоўцы прысвячаюць непасрэдна даследчай дзейнасці.
Ілюстрацыйнае фотаGorodenkoff/ Shuttertstock

Пра гэта паведамляе часопіс «Humanities & Social Sciences Communications».

Прафесар Гаэтан дэ Расэнфосэ і яго калегі з Політэхнічнага федэральнага ўніверсітэту Лазаны (EPFL, Швейцарыя) правялі онлайн-апытанне ў трэцім квартале 2022 года на прадстаўнічай групе з 2559 украінскіх навукоўцаў. На момант расійскага нападу ўсе яны працавалі ва ўкраінскіх навукова-даследчых установах.

Аўтары выявілі, што 18,5 працэнта апытаных навукоўцаў пакінулі сваю краіну пасля пачатку вайны, што адпавядае агульнаму адсотку насельніцтва Украіны, якое эмігравала ў гэты перыяд. Цікава, што часцей эмігравалі навукоўцы, якія былі больш прадуктыўнымі і актыўнымі ў даследаваннях.

Высветлілася таксама, што сярэдні тыднёвы час, які даследчыкі затрачвалі на навуковую дзейнасць, скараціўся пасля пачатку канфлікту з 13 да 10 гадзін і 17,6 працэнта даследчыкаў цалкам адмовіліся ад навуковых колаў і/або даследаванняў.

Агулам гэта азначае, што Украіна страціла каля 20 працэнтаў сваіх магчымасцяў у галіне навуковых даследаванняў.

Аўтары публікацыі таксама адзначаюць, што хаця 58 працэнтаў украінскіх навукоўцаў у эміграцыі па-ранейшаму звязаныя з навуковымі арганізацыямі, толькі 14% маюць забяспечаны доўгатэрміновы кантракт.

23,5 працэнта навуковых супрацоўнікаў, якія засталіся ва Украіне, у выніку вайны страцілі доступ да рэсурсаў, неабходных для правядзення даследаванняў.

Аўтары мяркуюць, што вырашэнне двух апошніх пытанняў варта лічыць прыярытэтам, каб не дапусціць далейшага пагаршэння сітуацыі ў даследчым сектары Украіны.

PAP/вх