Беларуская Служба

Краіны Балтыі дамовіліся аб аднастайным выкананні санкцый ЕС супраць Расіі і Беларусі

20.12.2023 15:26
Забеспячэнне эфектыўнага прымянення санкцый мае вырашальнае значэнне для паслаблення ваеннага патэнцыялу Масквы.
 ,
Сцягі Літвы, Латвіі і Эстоніі Shutterstock

Літва, Латвія і Эстонія дамовіліся аб адзіным выкананні санкцый Еўрасаюза, уведзеных у дачыненні да Расіі і Беларусі. Улады Літвы агучылі сёння супольную дэкларацыю, якую падпісалі кіраўнікі ўрадаў балтыйскіх краінаў.

У дакуманце, падпісаным прэм'ер-міністрамі Літвы, Латвіі і Эстоніі – Інгрыдай Шыманітэ, Эвікай Сілінай і Каяй Калас – гаворыцца, што забеспячэнне эфектыўнага прымянення санкцый мае вырашальнае значэнне для паслаблення ваеннага патэнцыялу Масквы.

Сумеснае і адначасовае выкананне краінамі Балтыі абмежаванняў ЕС азначае, у тым ліку, забеспячэнне адзінага мытнага кантролю і абмену інфармацыяй паміж установамі гэтых краін. Аднолькавыя дадатковыя дакументы будуць патрабаваць мытнікі ў Літве, Латвіі і Эстоніі, каб знізіць магчымасць абыходу санкцый. Палажэнні плануецца ўвесці ў дзеянне не пазней за 31 студзеня наступнага года.

У панядзелак уступіў у сілу дванаццаты пакет санкцый ЕС. Абмежаванні таксама закранулі асоб, адказных за русіфікацыю і індактрынацыю ўкраінскіх дзяцей на акупаваных тэрыторыях, а таксама прыватныя кампаніі ваеннага і абароннага сектараў. Да чорнага спісу далучаюцца эканамічныя санкцыі і эмбарга на імпарт алмазаў з Расіі, а таксама звадкаванага газу, праўда, з 12-месячным пераходным перыядам.

яс