Беларуская Служба

Хуткасць вырубкі лясоў у бразільскай Амазоніі летась скарацілася амаль удвая

14.01.2024 10:12
Пра гэта паведамляе BBC са спасылкай на дадзеныя нацыянальнага касмічнага агенцтва.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne shutterstock

Міністэрства навакольнага асяроддзя Бразіліі заявіла, што гэта самы нізкі ўзровень высечкі лясоў за апошнія пяць гадоў. Папярэднія дадзеныя паказваюць, што ў 2022 годзе абсяг трапічнага лесу скараціўся больш чым на 10 тыс квадратных кіламетраў, а ў 2023 годзе Амазонка страціла 5,15 тыс квадратных кіламетраў.

Нягледзячы на меншы памер вырубкі, чым у папярэднія гады, абязлесеная тэрыторыя па-ранейшаму больш чым у шэсць разоў перавышае памер Нью-Ёрка, адзначае брытанскі партал.

Пасля ўступлення на пасаду год таму прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва паабяцаў спыніць высечку лясоў да 2030 г. Ён таксама абвясціў, што аднавіць трапічныя лясы Амазонкі і будзе пераследаваць кліматычных злачынцаў.

Амазонка – самы вялікі трапічны лес у свеце, 60% яго плошчы знаходзіцца ў Бразіліі. Амазонка, якую часта называюць «лёгкімі планеты» з-за яе ролі ў цыркуляцыі кіслароду і вуглякіслага газу, лічыцца ключавым элементам у глабальнай барацьбе са змяненнем клімату, паведамляе BBC.

Трапічны лес з'яўляецца домам для прыкладна трох мільёнаў відаў раслін і жывёл і аднаго мільёна карэнных жыхароў. 

PAP/нг