Беларуская Служба

У МАК заявілі аб паўторнай праверцы беларускіх і расійскіх спартоўцаў

18.01.2024 16:08
8 снежня летась МАК дапусціў расіянаў і беларусаў да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў нейтральным статусе. 
W 2024 roku czekają nas m.in. igrzyska olimpijskie w Paryżu.
W 2024 roku czekają nas m.in. igrzyska olimpijskie w Paryżu.Shutterstock/kovop

Атлетаў з Расеі і Беларусі, якія адабраліся і атрымалі допуск на Алімпійскія гульні ў Парыжы, правераць яшчэ раз. Паўторную праверку правядуць з удзелам незалежных арганізацый. Аб гэтым журналістам заявіў афіцыйны прадстаўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Марк Адамс, – паведамляе «Радыё Свабода».

«Магу толькі ў агульных рысах сказаць, бо ня ведаю ўсіх дэталяў. Мы ў працэсе пошуку і прызначэньня незалежных аналітыкаў з добрай рэпутацыяй, якія правераць кожнага з гэтых спартоўцаў. Людзі, якія кваліфікаваліся, ужо прайшлі адну праверку, але МАК правядзе другую, з удзелам незалежных арганізацый», – сказаў Адамс.

8 снежня летась МАК дапусціў расіянаў і беларусаў да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў нейтральным статусе. МАК паведаміў, што такіх атлетаў не дапусцяць да ўсіх камандных спаборніцтваў. Ва ўдзеле ў Алімпіядзе таксама адмовяць асобам, якія актыўна падтрымліваюць ваенныя дзеянні.

Таксама МАК заявіў, што не будуць дапушчаны да Алімпіяды асобы, завязаныя з войскам ці арганізацыямі нацыянальнай бяспекі. Афіцыйныя асобы застануцца без акрэдытацыі на спаборніцтвы. Акрамя таго, на Алімпіядзе будзе забаронена дэманстраваць афіцыйную сымболіку Расіі і Беларусі.

14 снежня ў МАК паведамілі, што ліцэнзіі для ўдзелу ў Гульнях атрымалі шэсць расіянаў і пяць беларусаў.

эж