Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў краіны-донары «гарантаваць бесперапыннасць дзейнасці» Блізкаўсходняга агенцтва ААН для падтрымкі палестынскіх бежанцаў і арганізацыі работ (БАПОР).
Паводле Ізраілю, супрацоўнікі агенцтва ўдзельнічалі ў нападзе ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка мінулага года. Па гэтай прычыне некалькі краін прыпынілі фінансавую падтрымку БАПОР. Гэта зрабілі ЗША, Канада, Аўстралія, Італія, Швейцарыя і Вялікабрытанія.
«Хоць я разумею іх занепакоенасць, я настойліва заклікаю ўрады хаця б гарантаваць бесперапыннасць дзейнасці Агенцтва», – гаворыцца ў заяве кіраўніка ААН.
БАПОР звольніла некалькіх супрацоўнікаў у сувязі з абвінавачваннямі Ізраіля, паабяцаўшы правесці расследаванне справы. Антоніу Гутэрыш пацвердзіў, што ў абвінаваўчым заключэнні фігуруюць 12 супрацоўнікаў агенцтва.
Спрэчка паміж Ізраілем і Блізкаўсходнім агенцтвам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый для дапамогі палестынскім бежанцам і арганізацыі работ узнікла пасля рашэння Міжнароднага суда ААН у пятніцу. Суд абавязаў Ізраіль не дапускаць выпадкаў генацыду падчас канфлікту з ХАМАС, а таксама заявіў, што ў сектар Газа павінна быць дазволена больш гуманітарнай дапамогі.
БАПОР зʼяўляецца адным з найбуйнейшых працадаўцаў у сектары Газа. Ён кіруе сеткай школ і іншых цэнтраў. Ізраіль доўгі час абвінавачваў арганізацыю ў сімпатыях да ХАМАС.
Канфлікт паміж Ізраілем і ХАМАС пачаўся 7 кастрычніка мінулага года. Баевікі ХАМАС напалі на Ізраіль, забіўшы каля 1200 чалавек. У адказ Ізраіль пачаў наступ на падкантрольную ХАМАСу частку Газа.
Па дадзеных міністэрства аховы здароўя Газы, у гэтым раёне загінулі больш за 26 500 чалавек, большасць з іх жанчыны і дзеці.
яс