Беларуская Служба

ЗША нанеслі 85 удараў па Іраку і Сірыі

03.02.2024 08:03
Удары па аб'ектах - толькі пачатак кампаніі, якая будзе разгортвацца ў часе і прасторы - Джо Байдэн.
   -52
Міжкантынентальны стратэгічны бамбавік В-52 ВПС ЗША Фота: Christopher Chambers/Shutterstock

Амерыканскія вайскоўцы нанеслі авіяўдары па іранскіх цэлях у Іраку і Сірыі ў адказ на атаку баевікоў на амерыканскую базу, у выніку якой загінулі трое вайскоўцаў.

Цэнтральнае камандаванне ЗША паведаміла, што ўзброеныя сілы знішчылі больш за 85 цэляў з дапамогай многіх самалётаў, у тым ліку дальніх бамбавікоў, якія прыляцелі са Злучаных Штатаў. У ходзе авіяўдараў было выкарыстана больш за 125 высокадакладных боепрыпасаў.

Аб'екты, па якіх былі нанесеныя ўдары, уключалі камандна-кантрольныя аператыўныя цэнтры, разведвальныя цэнтры, сховішчы ракет і БЛА, а таксама аб'екты лагістыкі і склады боепрыпасаў баевікоў, якія здзяйснялі атакі на сілы ЗША і кааліцыі, паведаміў амерыканскі бок.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што ўзброеныя сілы ЗША па яго загадзе нанеслі першыя ўдары па Іраку і Сірыі ў межах кампаніі супраць праіранскіх груповак у гэтых краінах, адказных за атаку на амерыканскую базу ў Іарданіі. Ён зазначыў, што ўдары па аб'ектах - толькі пачатак кампаніі, якая будзе разгортвацца ў часе і прасторы.

Нагадаем, у ноч на 28 студзеня ў выніку паветранага ўдару беспілотнікам па амерыканскай ваеннай базе ў Іарданіі загінулі трое вайскоўцаў ЗША, многія атрымалі раненні. Пасля гэтага рэспубліканцы заклікалі Байдэна ўдарыць па Іране. Тым часам у Тэгеране адмаўляюць сваё дачыненне да атакі на базу ЗША.

вс