Беларуская Служба

Папа Рымскі: мір - адказнасць усёй чалавечай сям'і

04.02.2024 17:10
Папа Францішак папрасіў працягваць маліцца за людзей, якія пакутуюць з-за вайны, асабліва ва Украіне, Палестыне і Ізраілі.
Ілюстрацыйнае фотаEPA/FABIO FRUSTACI Dostawca: PAP/EPA

Папа Францішак сказаў вернікам у Ватыкане ў нядзелю, што мір зʼяўляецца абавязкам «усёй чалавечай сямʼі». Ён яшчэ раз заахвоціў маліцца за людзей, якія пакутуюць ад вайны, асабліва ва Украіне, Палестыне і Ізраілі.

Звяртаючыся да тысяч вернікаў, якія прыйшлі на плошчу Святога Пятра на малітву «Анёл Панскі», Папа сказаў: «Я заахвочваю вас маліцца аб міры, якога жадае свет, і, які сёння, больш чым калі-небудзь, у многіх месцах знаходзіцца пад пагрозай. Адказнасць не нямногіх, але ўсёй чалавечай сямʼі».

Ён падкрэсліў: «Давайце ўсе разам працаваць, каб будаваць яго з дапамогай жэстаў спагады і мужнасці».

«Працягнем маліцца за людзей, якія пакутуюць з-за вайны, асабліва ва Украіне, Палестыне і Ізраілі», – заклікаў ён.

Францішак адзначыў, што ў нядзелю Італія адзначае Дзень жыцця пад дэвізам «Сіла жыцця нас здзіўляе». Ён запэўніў, што далучаецца да закліку італьянскіх біскупаў «пераадолець ідэалагічныя падзелы, каб адкрыць, што кожнае чалавечае жыццё, нават найбольш пазначанае абмежаваннямі, мае велізарную каштоўнасць і можа прапанаваць нешта іншым».

Ён таксама заклікаў да адзінства ў барацьбе з гандлем людзьмі, ахвярамі якога, як ён нагадаў, становяцца многія людзі, падманутыя і эксплуатаваныя.

РАР/юл