Дэкларацыя была падпісаная на канферэнцыі ў Лондане, якую прымалі Вялікабрытанія і Францыя.
У дэкларацыі гаворыцца пра неабходнасць барацьбы з пашырэннем выкарыстання шпіёнскіх праграм для праслухоўвання тэлефонаў, крадзяжу фатаграфій з электронных прылад і дыстанцыйнага ўключэння мікрафонаў і камер у гэтых прыладах.
На думку падпісантаў, рост такіх выпадкаў стварае пагрозы нацыянальнай бяспецы і правам чалавека і пашырае доступ да магутных сродкаў шпіянажу.
Тым, хто выкарыстоўвае такое праграмнае забеспячэнне, рэкамендуецца рабіць гэта адказна ў рамках закона. На думку аўтараў дэкларацыі, адсутнасць павышанага кантролю можа прывесці да выкарыстання шпіёнскіх тэхналогій «нядобрасумленна».
Брытанскі партал IT-індустрыі The Record паведамляе, што дакумент падпісалі 24 краіны з 35 прысутных.
Прадстаўнікі краінаў, дзе зарэгістраваныя вытворцы шпіёнскага праграмнага забеспячэння, якое выкарыстоўваецца незаконна, такіх як Аўстрыя, Егіпет, Паўночная Македонія і Ізраіль, у Лондан не прыехалі.
Ізраільскі Pegasus выкарыстоўваўся дзяржаўнымі ўладамі для шпіянажу за грамадскімі актывістамі і журналістамі. Выпадкі злоўжывання гэтым праграмным забеспячэннем у Польшчы будзе расследаваць адзін з парламенцкіх камітэтаў.
Учора Злучаныя Штаты абвясцілі аб новай, больш жорсткай візавай палітыцы супраць тых, хто «злоўжывае шпіёнскім праграмным забеспячэннем».
яс