«Асуджаны Навальны А.А. пасля прагулкі адчуў сябе дрэнна, практычна адразу страціўшы прытомнасць. Неадкладна прыбылі медыцынскія работнікі ўстановы, была выклікана брыгада хуткай медыцынскай дапамогі. Праведзены ўсе неабходныя рэанімацыйныя мерапрыемствы, якія станоўчых вынікаў не далі. Урачы хуткай медыцынскай дапамогі канстатавалі смерць асуджанага», — гаворыцца ў паведамленні Упраўлення па выкананні пакаранняў па Ямала-Ненецкай акрузе.
14 лютага прэс-сакратар палітыка Кіра Ярмыш паведамляла, што Навальнага ў 27-ы раз за час зняволення адправілі ў штрафны ізалятар (ШІЗА). Аляксею Навальнаму было 47 гадоў.
Рэакцыі на смерць Аляксея Навальнага:
Прэмʼер-міністр Дональд Туск ушанаваў памяць расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага.
«Аляксей, мы цябе ніколі не забудзем і ніколі не прабачым ім», – напісаў кіраўнік польскага ўраду на платформе X.
***
«Смерць Аляксея Навальнага з'яўляецца доказам таго, што Уладзімір Пуцін не спыніцца ні перад чым. Вось як Расія цісне і забівае», – напісаў віцэ-прэзідэнт ПіС Матэвуш Маравецкі на платформе X.
***
Уладзімір Пуцін адказны за смерць расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, заявіў Марцін Басацкі, былы амбасадар Польшчы ў Канадзе, цяпер член камісіі ў Сейме па замежных справах. Палітык заявіў, што прэзідэнт Расіі не дапусціць, каб у гэтай краіне мелі ўплыў людзі з незалежнай пазіцыяй:
– Расія – брутальная, дэспатычная, гэта брутальная дыктатура. Не надта веру, што там калі-небудзь нешта змянілася б. Час смерці Навальнага, на жаль, супадае з надыходзячымі ў Расіі псеўдавыбарамі. Гэта чарговае дакручванне гаек, замыканне сістэмы, у якой ніхто не можа не тое што выйграць у Пуціна, але нават быць. Гэта ясны сігнал: прашу заняцца сваім прыватным жыццём, а не палітыкаю. Бо кожны, хто кіне пальчатку выкліку Пуціну, як гэта зрабіў Навальны, і скончыць, на жаль, як ён.
***
Федэральны канцлер Нямеччыны Олаф Шольц назваў рашэнне Навальнага вярнуцца ў Расію «адвагай, і цяпер ён заплаціў сваім жыццём»: «Мы добра ведаем рэжым у Расіі. І той, хто яго крытыкуе і выступае за дэмакратыю, павінен баяцца за сваё жыццё», – сказаў Олаф Шольц.
***
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць Уладзіміра Пуціна адказным за смерць Аляксея Навальнага: «Відавочна яго забіў Пуцін, як і тысячы іншых закатаваных з-за адной гэтай істоты. Пуціну абыякава, хто загіне, толькі б захаваць свае пазіцыі. Таму Пуцін павінен усё прайграць, усё аддаць і адказваць за злачынствы».
вх