У Польшчы працягваюцца фермерскія пратэсты. Аграрыі патрабуюць абмежаваць імпарт украінскага харчавання, выступаюць таксама супраць некаторых палажэнняў т.зв «Зялёнага парадку», гэта значыць, сельскагаспадарчай палітыкі Еўрасаюза.
Украінскі міністр сельскай гаспадаркі падкрэсліў, што разумее права польскіх фермераў на пратэст. Аднак у размове з польскімі журналістамі ў Кіеве Мікола Сольскі заклікаў, каб гэтыя пратэсты не прымалі крайніх формаў.
Кіраўнік украінскага Мінсельгасхарчу адзначыў, што ўкраінскі бок цэніць практычныя крокі, якія робіць польскі ўрад, каб вырашыць праблему з пратэстамі на мяжы і астудзіць эмоцыі.
- Мы разумеем, што польскія фермеры маюць права пратэставаць. У той жа час мы просім вас не выкарыстоўваць крайнія формы гэтых пратэстаў, бо імі карыстаецца наш агульны вораг. Гэтага не трэба. Спадзяюся, што мы паспрабуем крок за крокам вырашыць астатнія моманты ў рамках супрацы паміж урадамі дзвюх краін. Безумоўна, з улікам інтарэсаў абодвух бакоў, але і з улікам ваеннай сітуацыі ва Украіне.
Між тым сустрэчы польскіх і ўкраінскіх уладаў на мяжы, да якой пазаўчора заклікаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, хутчэй за ўсё, не будзе. Учора кіраўнік польскага ўрада Дональд Туск анансаваў сустрэчу абодвух урадаў у Варшаве 28 сакавіка. У той жа час прэм'ер-міністр Польшчы абвясціў, што памежныя пераходы, стратэгічныя ўчасткі дарог і чыгуначных шляхоў будуць уключаныя ў крытычную інфраструктуру для забеспячэння паставак гуманітарнай і медычнай дапамогі, а таксама зброі і боепрыпасаў для ўкраінскага войска.
Польскія фермеры пратэстуюць на памежных пераходах з Украінай, часткова перакрыўшы рух грузавікоў.
IAR/нг