У Вільні кіраўнік урада Літвы адкрыла бізнес-форум, які суправаджае саміт ініцыятывы «Трох мораў». Гэта аб'яднанне лідараў 13 краін, якія знаходзяцца паміж Адрыятыкай, Балтыкай і Чорным морам.
Інгрыда Шыманітэ падкрэсліла, што хоць ініцыятыва «Трох мораў» нараджалася з улікам эканамічнага развіцця, у цяперашняй сітуацыі яе нельга аддзяляць ад пытанняў бяспекі.
«Загадзя спланаваная поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны дала нам зразумець, што мір нельга ўспрымаць як належнае. Наступствы гэтай вайны сягаюць далёка за межы Украіны і рэгіёну. Чакаць, што імперыялістычныя амбіцыі спыняцца ва Украіне, наіўна, ірацыянальна, недальнабачна і недаравальна», — сцвердзіла Інгрыда Шыманітэ.
Прэм'ер-міністр Літвы падкрэсліла, што ініцыятыва «Трох мораў» уключае інвестыцыі, важныя для бяспекі рэгіёну. Паводле яе слоў, такім праектам з'яўляецца Rail Baltica, гэта значыць чыгуначнае злучэнне краін Балтыі з Польшчай і іншымі краінамі Еўрасаюза.
«Сярод шматлікіх эканамічных пераваг гэтая чыгуначная лінія, а таксама магістраль Via Baltica важныя для ваеннай мабільнасці. Не будзем забываць пра важнасць забеспячэння даступнасці сетак 5G уздоўж гэтых транспартных калідораў», — дадала палітык.
Інгрыда Шыманітэ зазначыла, што хоць рэгіён «Трох мораў» характарызуецца хуткім эканамічным ростам, яму патрэбны сродкі для інвестыцый. Толькі ў сферы транспарту да 2030 года неабходныя інвестыцыі ў памеры 300 мільярдаў еўра.
У саміце ініцыятывы «Трох мораў» у Вільні бярэ ўдзел прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які заклікаў да павелічэння дапамогі сваёй краіне і кансалідацыі міжнароднай падтрымкі. У літоўскай сталіцы знаходзяцца лідары 13 краін такога памеру, у тым ліку прэзідэнт Анджэй Дуда.
Уладзімір Зяленскі напісаў у сацсетках, што прыбыў у Літву і будзе размаўляць з палітыкамі краін-партнёраў на саміце «Трох мораў» у Вільні і анансаваў падпісанне новага двухбаковага пагаднення аб бяспецы. Ён указаў, што найважнейшымі мэтамі з'яўляюцца ўмацаванне ўкраінскай сістэмы супрацьпаветранай абароны, забеспячэнне надзённых патрэб Сіл абароны Украіны і кансалідацыя міжнароднай падтрымкі.
«Каб мы маглі пераадолець расійскі тэрор. Расійскае зло — гэта пагроза не толькі Украіне, але кожнаму народу, які мяжуе з Расіяй, і ўсім, хто шануе міжнароднае права», — дадаў украінскі прэзідэнт.
ПР/юл