Беларуская Служба

Дональд Трамп: Мы на сто працэнтаў на баку Польшчы

18.04.2024 07:02
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сустрэўся ў Нью-Ёрку з кандыдатам на пасаду прэзідэнта ЗША Дональдам Трампам. 
Аўдыё

Пасля сустрэчы з прэзідэнтам Анджэем Дудам у Нью-Ёрку Дональд Трамп заявіў, што Амерыка цалкам на баку Польшчы – піша агенцтва AP.

AP падкрэслівае, што пасля таго, як польскі лідар прыехаў у хмарачос былога прэзідэнта ЗША на 5-й авеню, Трамп пахваліў Дуду. «Ён зрабіў фантастычную працу і з'яўляецца маім сябрам. Мы правялі разам чатыры цудоўныя гады. (…) Мы на сто працэнтаў на баку Польшчы», — сказаў мільярдэр, які зноў прэтэндуе на найвышэйшую пасаду ў ЗША.

«Кандыдат ад Рэспубліканскай партыі запрасіў Дуду на вячэру ў Trump Tower, дзе яны павінны былі абмеркаваць, сярод іншага, пытанне Украіны. Дуда, які даўно выказваў захапленне Трампам, таксама з'яўляецца моцным прыхільнікам Украіны і заклікае Вашынгтон аказаць больш дапамогі Кіеву для абароны ад расійскага ўварвання. Выдзяленне дапамогі дагэтуль заблакаванае саюзнікамі Трампа ў Кангрэсе», — адзначыла AP.

Візіт Дуды адбываецца ў той час, калі рэспубліканцы, якія кантралююць Палату прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, не ўхвалілі законапраект, які прадугледжвае новыя сродкі для Украіны, у тым ліку фінансаванне паставак амерыканскай зброі. Многія саюзнікі Трампа, катэгарычна супраць дапамогі Украіне. Трамп асабіста скептычна ставіўся да далейшай падтрымкі ЗША ваенных выдаткаў, «калі толькі гэта не робіцца ў якасці пазыкі».

Нью-ёркскі штодзённік таксама спаслаўся на тэкст у Washington Post, у якім гаворыцца, што Трамп распрацоўвае план перадачы Крыма і Данбаса Расіі ў абмен на спыненне агню. Прадстўнікі кандыдата рашуча адмаўляюць гэтыя абвінавачванні.

«Адна сфера, у якой Трамп і Дуда згодныя ў кантэксце канфлікту, — гэта іх намаганні пераканаць членаў NATO павялічыць выдаткі на абарону. Дуда заклікаў членаў NATO павялічыць выдаткі да 3% валавога ўнутранага прадукту, пакуль Расія працягвае ўварванне ва Украіну. Гэта будзе азначаць значнае павелічэнне ў параўнанні з цяперашнім узроўнем у 2%», – ацэньвае AP.

Агенцтва падкрэсліла, што саюзнікі ЗША па ўсім свеце былі здзіўленыя нечаканай перамогай Трампа ў 2016 годзе, што прымусіла іх будаваць адносіны з прэзідэнтам, які часта крытыкаваў даўнія дамовы і альянсы. Сустрэчы з Трампам падчас выбарчай кампаніі 2024 года сведчаць аб тым, што цяпер палітыкі не жадаюць паўтарыць гэтую памылку.

AP нагадвае, што раней былы прэзідэнт прымаў кіраўніка брытанскай дыпламатыі Дэвіда Кэмерана, прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана і прэзідэнта Аргенціны Хаўера Мілея.

«Хоць некаторыя афіцыйныя асобы ў прыватным парадку выказвалі расчараванне ў сувязі з такімі сустрэчамі, яны ўсведамляюць, што любая крытыка падвергне ЗША абвінавачванням у крывадушнасці. Высокапастаўленыя службовыя асобы ЗША, у тым ліку дзяржсакратар Энтані Блінкен, часта сустракаюцца з замежнымі апазіцыянерамі на розных форумах у Злучаных Штатах і за мяжой», — падкрэслівае АП.

РАР/юл