Беларуская Служба

Еўракамісія намерана ўвесці санкцыі супраць кампаній, якія пастаўляюць заходнія камплектуючыя ў Расію

26.04.2024 11:38
Жорсткіх санкцый супраць беларускай калійнай солі не будзе.
   .
Будынак Еўракамісіі ў Бруселі.Фота: Shutterstock/Cineberg

Санкцыі супраць кампаній, якія пастаўляюць у Расію электроніку, абмежаванні на імпарт звадкаванага газу — такія прапановы Еўракамісіі на новы пакет санкцый супраць Расіі. Пра гэта паведамляе брусельская карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка. 14-ы пакет таксама ўскладняе абыходжанне санкцый.

Учора Еўрапейская камісія завяршыла кансультацыі з краінамі-сябрамі адносна санкцый супраць Расіі. Праект абмежаванняў павінен быць гатовы на наступным тыдні. Для іх зацвярджэння і ўступлення ў сілу патрабуецца аднагалоснасць.

Знойдзеныя на палях баёў ва Украіне еўрапейскія кампаненты ў расійскай зброі - беспілотніках ці ракетах – з'яўляюцца адной з найбольш сур’ёзных праблем, заявіў карэспандэнту Польскага радыё адзін з дыпламатаў ЕС. У 14-м пакеце камісія хоча ўвесці санкцыі ў дачыненні да кампаній, якія пастаўляюць заходнія камплектуючыя ў Расію ў абыход санкцый. Беата Пламэцка бачыла адзін з прапанаваных санкцыйных спісаў, гэта больш за 70 старонак, у ім ёсць кампаніі з краін, якія не ўваходзяць у ЕС. У спіс уваходзяць фірмы з Кітая, Ганконга, Турцыі і Кыргызстана.

Акрамя таго, камісія прапануе абмежаваць імпарт звадкаванага газу. «Але поўнага эмбарга на імпарт не будзе, нягледзячы на заклікі краін Балтыі і Польшчы, бо некаторыя краіны на гэта не згаджаюцца», — адзначыў суразмоўца Беаты Пламэцкай. Тым не менш, Камісія хоча пакласці канец перавалцы СПГ. Бельгія з'яўляецца лідарам па імпарце расійскага звадкаванага газу, які пасля транспартуецца ў Кітай.

Акрамя таго, камісія хоча атакаваць расійскі ценявы флот, то бок увесці санкцыі супраць танкераў, якія перавозяць расійскую нафту, нягледзячы на абмежаванні ЕС. Камісія таксама намерана забараніць расійскае фінансаванне няўрадавых арганізацый у краінах ЕС. Сімвалічны жэст – забарона на продаж на еўрапейскім рынку твораў мастацтва, скрадзеных расіянамі ва Украіне.

14-ы санкцыйны пакет не будзе ўтрымліваць эмбарга на імпарт алюмінію з Расіі, аб чым хадайнічаюць краіны Балтыі і Польшча. «Для некаторых санкцыі на алюміній і павышэнне коштаў для прамысловасці праблематычныя», - пракаментаваў адзін з дыпламатаў. Праблематычным, а нават непрымальным для Літвы можа стаць увядзенне больш жорсткіх санкцый супраць Беларусі, якія ахопяць калійную соль. З'явілася ідэя падрыхтаваць спіс краін Паўднёвай Амерыкі, якія маглі б імпартаваць беларускую прадукцыю па меркаваннях харчовай бяспекі.

Беата Пламэцка

нг