Беларуская Служба

Зроблены важны крок на шляху будаўніцтва еўрапейскага «танка будучыні»

26.04.2024 14:33
Гаворка ідзе пра так званую сістэму MGCS.
       ()   .
Міністры абароны Германіі і Францыі Барыс Пісторыўс (злева) і Себасцьен Лекарню.Фота: PAP/EPA/THOMAS SAMSON / POOL

Пасля шматгадовых перамоў Францыя і Германія падпісалі пагадненне на гэты конт. Гэта адбылося падчас сустрэчы міністраў абароны гэтых дзяржаў у Парыжы.

«Гэта вялікі прагрэс для праекта MGCS», — заявіў міністр абароны Германіі Барыс Пісторыўс падчас сумеснай прэс-канферэнцыі перад падпісаннем пагаднення. Дамова прадугледжвае роўны падзел паміж краінамі прац па распрацоўцы і вытворчасці машын. Гэта прарыў, таму што дадзенае пытанне доўгі час было крыніцай спрэчак паміж Парыжам і Берлінам. «Партнёрства не заўсёды простае», — прызнаў кіраўнік французскага міністэрства нацыянальнай абароны Себасцьян Лекарню (Sébastien Lecornu).

«Асноўная наземная баявая сістэма» - скарочана «MGCS» - гэта праект, пра які гаворыцца, што ён выклікае рэвалюцыю ў баявых дзеяннях на сушы. Мэта - стварыць машыну, якая працуе з беспілотнікамі, штучным інтэлектам і лазернай зброяй. «Гэта тэхналагічны і ваенны прарыў, які прапануе шырокія магчымасці», — падкрэсліў Себасцьян Лекарню.

Лідарам праекта з'яўляецца Германія, але рэалізоўваць яго павінен французска-нямецкі канцэрн KNDS і фінансаваць абедзве краіны пароўну. Яшчэ адно пагадненне наконт дэталяў рэалізацыі прататыпаў павінна быць падпісана ў пачатку наступнага года.

Мяркуецца, што першыя машыны будуць гатовыя ў 2040 годзе. Яны павінны замяніць нямецкія танкі Leopard і французскія Leclerc.

Французы і немцы таксама разам працуюць над знішчальнікам будучыні. Міністр абароны Германіі заявіў, што іншыя краіны — напрыклад, Італія і Польшча — могуць далучыцца да еўрапейскіх абаронных праектаў.

IAR/нг