Беларуская Служба

Новы ўрад Харватыі будзе першым у ЕС, які створыць міністэрства па дэмаграфіі

19.05.2024 08:59
"Гэта паказвае, наколькі актуальная праблема, з якой сутыкнулася Харватыя, і якая істотна ўплывае на эканоміку краіны і ўсё грамадства", - кажа прафесар Іван Чыпін з Заграбскага ўніверсітэта.
Грамадзяне Харватыі ўдзельнічаюць у маршы супраць абортаў у Заграбе PAP/EPA/ANTONIO BAT

Саня Клемпіч Багадзі, эксперт па дэмаграфіі Інстытута даследаванняў міграцыі, нагадвае, што ў Харватыі ўжо было міністэрства, якое займалася «дэмаграфіяй, сям'ёй, моладдзю і сацыяльнай палітыкай», некаторыя з абавязкаў якога ў 2020 годзе пераняло Цэнтральнае ўпраўленне па міграцыі і моладзі. «Баюся, што тое, што праблемай будзе займацца міністэрства, а не ўпраўленне, істотна не палепшыць сітуацыю», — падкрэслівае Багадзі.

Яна дадае, што дэмаграфічныя праблемы былі вельмі палітызаваныя ў Харватыі на працягу 10 гадоў, што больш выразна бачна з ростам колькасці замежных рабочых, якія запаўняюць прабелы на рынку працы.

Дадзеныя статыстычнага ведамства паказваюць, што насельніцтва краіны пачало змяншацца ў 1991 годзе, калі яно яшчэ складала 4,8 мільёна чалавек. Да 2021 года колькасць насельніцтва скарацілася прыкладна на 900 тысяч чалавек. «Вайна і пераход ад планавай эканомікі да рынкавай паскорылі працэс дэпапуляцыі», — тлумачыць праф. Чыпін.

Дэпапуляцыя найбольш закранула сельскую і менш развітую мясцовасць з-за адсутнасці працы і нізкіх заробкаў. Эміграцыя пасля ўступлення ў ЕС таксама мае вялікае значэнне, асабліва моладзі. Паводле ацэнак, з 2013 года некалькі сотняў тысяч жыхароў імігравалі, галоўным чынам у Германію, Аўстрыю, Ірландыю і іншыя развітыя краіны. Харватыя ў цяперашні час характарызуецца двума дэмаграфічнымі працэсамі: дэпапуляцыяй і старэннем.

Сярод прычын праблем суразмоўцы PAP назвалі працяглыя міграцыі, старэнне грамадства і нізкі ўзровень нараджальнасці.

Эксперты адзначаюць неабходнасць спрабаваць спыніць эміграцыю харватаў і прыцягнуць рабочых з-за мяжы, што магло б змякчыць праблему ў кароткатэрміновай перспектыве

ав/РАР