Заходнія службы сцвярджаюць, што расійская ваенная разведка ГРУ (Галоўнае разведвальнае ўпраўленне) стаіць за падпаламі ў Еўропе, якія маюць на мэце аслабіць падтрымку Украіны - сцвярджае New York Times у сваім аналізе.
Паводле звестак заходніх спецслужбаў, апошнім часам у Еўропе павялічылася колькасць дробных дыверсійных аперацый, цэлямі, напрыклад, былі, склад у Вялікабрытаніі, будынкі ў Латвіі, фабрыка фарбаў у Польшчы, крама Ikea ў Літве. Таксама былі затрыманыя некалькі чалавек, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы нападаў на амерыканскія ваенныя базы як супрацоўнікаў расійскіх спецслужбаў.
Хаця гэтыя дзеянні могуць падацца выпадковымі, папярэджвае «NYT», заходняя выведка лічыць, што гэта частка дзеянняў Расіі, накіраваных на запаволенне паставак зброі Кіеву і стварэнне ўражання росту нежадання Еўропы падтрымліваць Украіну. Атакі, прынамсі на дадзены момант, не спынілі плынь зброі ў Кіеў, і многія з аб'ектаў, якія падвергліся нападам, не маюць непасрэднага дачынення да вайны. Аднак, на думку некаторых сілавікоў, Расія спрабуе выклікаць страх і прымусіць еўрапейскія краіны забяспечыць больш моцную абарону ўсяго ланцужка паставак зброі, што павялічвае выдаткі і запавольвае тэмпы паставак.
На фоне занепакоенасці дыверсіямі ў наступным месяцы запланавана сустрэча амбасадараў НАТА з дырэктарам нацыянальнай разведкі ЗША Аўрыл Хэйнс.
Паводле заходніх спецслужбаў, характэрнай асаблівасцю расійскай дыверсійнай кампаніі з'яўляецца выкарыстанне мясцовых выканаўцаў, што заклікана як абцяжарыць выяўленне нападаў, так і стварыць уражанне мясцовай апазіцыі падтрымцы Украіны.
«NYT» таксама нагадвае, што ў 2014 годзе расійская вайсковая выведка ўзарвала склад боепрыпасаў у Чэхіі, а пасля нападу на былога афіцэра расійскай разведкі, які пражываў у брытанскім Солсберы ў 2018 годзе, заходнія ўрады выслалі многіх расійскіх агентаў са сваіх краін і паўтарылі гэтыя дзеянні пасля ўварвання Масквы ва Украіну ў 2022 годзе
Высылка агентаў Масквы рэзка скараціла здольнасць Расіі здзяйсняць напады, заявіў амерыканскаму выданню Макс Бергман, дырэктар па Еўропе, Расіі і Еўразіі ў Цэнтры стратэгічных і міжнародных даследаванняў. «У дзейнасці расійскай выведкі ў Еўропе было шмат перабояў. Цяпер яны аднавілі раўнавагу і, верагодна, спрабуюць аднавіцца», — дадаў ён.
«Яны хочуць перанесці вайну ў Еўропу, але не хочуць вайны з НАТА», - сказала Андрэа Кендал-Тэйлар, аналітык, якая раней працавала ў амерыканскай выведцы.
ЗША і ЕС ужо ўвялі санкцыі супраць Расіі і выслалі расійскіх шпіёнаў, таму адказаць на дзеянні Расіі будзе няпроста. «Мы знаходзімся ў вельмі далікатнай сітуацыі, таму што сітуацыя і так вельмі напружаная, і Крэмль ужо дэманструе прыкметы паранойі», — сказаў Бергман, які мяркуе, што «заходнія лідары павінны рэагаваць вельмі асцярожна».
PAP/вх