Апошнім часам павялічылася колькасць сутыкненняў паміж Ізраілем і тэрарыстычнай групоўкай «Хезбала», што ўзмацніла асцярогі адносна магчымага пачатку новага поўнамаштабнага канфлікту на Блізкім Усходзе, паведаміда CNN.
Высокапастаўленыя прадстаўнікі Ізраіля, у тым ліку міністр па стратэгічных пытаннях Рон Дэрмер і дарадца па нацыянальнай бяспецы Цачы Ханегбі, прынялі ўдзел у шэрагу сустрэч у Вашынгтоне з прадстаўнікамі адміністрацыі Байдэна, у тым ліку дарадцам па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам, дзяржсакратаром Энтані Блінкенам і каардынатарам Белага дома па Блізкім Усходзе Брэтам Макгуркам.
Падчас перамоў абмяркоўваўся шырокі спектр тэм, уключна з сітуацыяй на паўночнай мяжы Ізраіля, адносіны з Іранам, спыненне агню ў Сектары Газа і перамовы аб вызваленні закладнікаў, якія ўтрымліваюцца палесцінскай тэрарыстычнай арганізацыяй ХАМАС, паведамляе CNN са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі ЗША.
Аднак Вашынгтон агаварыў, што ў выпадку эскалацыі канфлікту на мяжы паміж Ізраілем і Ліванам ЗША не будуць размяшчаць там амерыканскіх вайскоўцаў.
Афіцыйныя асобы ЗША сурʼёзна занепакоеныя тым, што ў выпадку поўнамаштабнай вайны паміж Ізраілем і «Хезбалой» ізраільскія сілы супрацьпаветранай абароны на поўначы краіны могуць быць не ў стане спыніць тэрарыстычныя ўдары, паведамляе CNN.
З восені 2023 года, пачатку вайны ў Сектары Газа, «Хезбала» рэгулярна абстрэльвае тэрыторыю Ізраіля з Лівана, а ізраільская армія адкрывае агонь у адказ. Дзясяткі тысяч мірных жыхароў былі эвакуяваныя з памежных раёнаў. На мінулым тыдні ізраільская армія ўхваліла план наступу на Ліван, а лідар «Хезбалы» Хасан Насрала абвясціў, што атакі арганізацыі не спыняцца, пакуль не будзе заключана пагадненне аб спыненні агню ў Сектары Газа.
РАР/юл