Беларуская Служба

У панядзелак міністры ЕС канчаткова зацвердзяць чарговы пакет санкцый супраць Расіі

23.06.2024 15:56
Гаворка ідзе пра ЗПГ.
 .
Звадкаваны газ. Фота: Shutterstock/ Audio und werbung

Гэта будзе беспрэцэдэнтны ўдар па газавай сферы: забарона на перавалку расійскага звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) у еўрапейскіх партах, адкуль ён потым адпраўляецца па ўсім свеце. У першую чаргу гэта тычыцца Бельгіі, Францыі і Іспаніі.

Галоўны рэдактар парталу Biznesalert.pl Войцех Якубік (Wojciech Jakóbik) падкрэсліў у інтэрв'ю Польскаму радыё, што гэта яшчэ не поўнае эмбарга, але рашэнне будзе балючым для Масквы.

- Гэта ўдар па інтарэсах Расіі, якой патрэбныя еўрапейскія парты зімой, калі яна не можа адпраўляць ЗПГ па паўночным маршруце, які замярзае. Затым патрэбны еўрапейскі маршрут, пасярэдніцтва еўрапейцаў у пастаўках сыравіны. Гэта не забарона на імпарт ЗПГ з Расіі ў Еўропу.

Гадавы даход Расіі ад экспарту ЗПГ у ЕС складае амаль 8 мільярдаў еўра. Забарона на перавалку знізіць гэты абʼём на чвэрць. Раней Еўрасаюз увёў санкцыі ў дачыненні да звадкаванага газу з Расіі, хоць імпартаваць яго можна да снежня.

Войцех Якубік падкрэсліў, што наступіць і час на незалежнасць ад гэтага накірунку, на які прыходзіцца амаль палова паставак.

- У нас пераходны перыяд практычна да канца 2024 года, таму ў канцы года трэба пераключацца на іншыя напрамкі. Тыя, хто гэтага не зробіць, страцяць свой бізнес, а зніжэнне прапановы звадкаванага газу на нашым рынку, верагодна, прывядзе да росту коштаў.

Справаздача Польскай арганізацыі звадкаванага газу за мінулы год паказвае, што імпарт звадкаванага газу ў Польшчу вырас на 6,5% у параўнанні з сітуацыяй двухгадовай даўніны. Асноўным пастаўшчыком ЗПГ засталася Расія, хоць яе доля ў абʼёме прапановы на рынку знізілася. Важным пастаўшчыком становіцца Швецыя.

IAR/нг