Беларуская Служба

Узброеныя напады на сінагогі, праваслаўныя храмы і пост ДПС адбыліся ў Дагестане

24.06.2024 09:14
МЗС Ізраілю паведаміў, што сінагога ў Дэрбенце спалена дашчэнту, а ў другой сінагозе ў Махачкале ішла перастрэлка. У заяве міністэрства адзначаецца, што, верагодна, у той момант у сінагозе не было вернікаў.
Антытэрарыстычная аперацыя ў Дагестане Фота: PAP/EPA/NATIONAL ANTITERRORISM COMMITTE / HANDOUT

У Дагестане, у выніку ўзброеных нападаў на сінагогу, два праваслаўныя храмы і пост паліцыі, дзясяткі чалавек атрымалі раненні, забіты святар і паліцыянты.

Пяцёра тых, хто нападаў застрэлены і па меншай меры 15 супрацоўнікаў паліцыі забітыя, – перадае агенцтва Reuters са спасылкай на кіраўніка рэгіёну Сяргея Мелікава.

У паведамленні Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэту РФ, гаворыцца, што «у гарадах Дэрбент і Махачкала былі здзейснены ўзброеныя напады на два праваслаўныя храмы, сінагогу і пост ДПС. У выніку тэрактаў, паводле папярэдняй інфармацыі, загінулі святар Рускай праваслаўнай царквы і супрацоўнікі міліцыі».

Адзін супрацоўнік паліцыі быў забіты ў выніку стральбы ў сінагозе ў Дэрбэнце, дзе пражывае адна з найстаражытных габрэйскіх абшчын на Паўночным Каўказе. Паведамляецца і аб перастрэлцы ў праваслаўнай царкве Дэрбэнта, прызнанай адным з культурных помнікаў, якія знаходзяцца пад абаронай ЮНЭСКА.

Яшчэ адна перастрэлка мела месца ў Махачкале. Абстраляны пост ДПС. Дванаццаць чалавек атрымалі раненні. Вулічныя баі ахапілі Махачкалу. Праваахоўнікі ў рэгіёне паведамілі, што ў сінагозе і адной з цэркваў пачаўся пажар.

Паводле афіцыйных звестак, падчас супрацьтэрарыстычнай аперацыі былі забітыя чатыры баевікі. Мясцовы чыноўнік паведаміў, што яшчэ адзін з іх быў забіты падчас перастрэлкі ў царкве ў Махачкале.

МЗС Ізраілю паведаміў, што сінагога ў Дэрбенце спалена дашчэнту, а ў другой сінагозе ў Махачкале ішла перастрэлка. У заяве міністэрства адзначаецца, што, верагодна, у той момант у сінагозе не было вернікаў.

voa/pap/эж