Улады Таліна паведамілі, што да канца года плануюць прыбраць савецкую сімволіку з фасадаў будынкаў у сталіцы. Справа тычыцца ў асноўным двух абʼектаў, якія належаць гораду. Гэта Расійскі культурны цэнтр і адзін з будынкаў мясцовай адміністрацыі. Праблема ў тым, што невядома, як замяніць савецкую сімволіку, каб не парушыць архітэктурную цэласнасць абодвух будынкаў.
Выклікам будзе пераўтварэнне фасада Расійскага культурнага цэнтра, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы. У сваю чаргу ў выпадку прыватных будынкаў улады эстонскай сталіцы не могуць прымусіць іхных уласнікаў змяніць фасад.
План выдалення савецкай сімволікі з будынкаў Таліна ўзнік два гады таму. Летась парламент Эстоніі нават прыняў адпаведны закон, але яго заблакаваў прэзідэнт Алар Карыс. Тым не менш, новыя ўлады Таліна ў падпісаным вясной кааліцыйным пагадненні заявілі пра намер ачысціць горад ад апошніх элементаў спадчыны савецкай акупацыі.
IAR/аз