Уваход у амбасаду Літвы ў Маскве аблілі чырвонай фарбай, паведамляе МЗС Літвы. У сувязі з гэтай падзеяй прадстаўніку расійскай амбасады ў Вільні была ўручаная нота пратэсту.
Міністэрства замежных спраў паведаміла, што чацвёра злачынцаў у масках напалі сёння ў 4 гадзіны раніцы на ўваход у літоўскую амбасаду ў Маскве. У міністэрстве адзначылі, што расійскія паліцыянты, задачай якіх з'яўляецца забеспячэнне аховы дыпламатычнага прадстаўніцтва, не адрэагавалі на напад. Выкліканая міліцыя прыехала толькі праз паўгадзіны.
У ноце пратэсту Літва заклікала Расійскую Федэрацыю неадкладна прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння аховы і недатыкальнасці памяшканняў амбасады. Таксама Вільня патрабуе тлумачэнняў наконт адсутнасці рэакцыі спецслужбаў і запэўніванняў, што падобных нападаў не будзе ў будучыні.
Два гады таму Літва адклікала свайго амбасадара ў Маскве. Гэта была рэакцыя Вільні на расійскую агрэсію ва Украіне.
ав