Беларуская Служба

Ізраільскія СМІ: Пагадненне аб спыненні агню паміж Ізраілем і палестынскім ХАМАС - «блізкія да нуля»

09.09.2024 15:10
Сярод ізраільскіх удзельнікаў перамоваў існуе «вельмі глыбокі песімізм» на гэты конт.
Сектар Газа PAP/EPA/HAITHAM IMAD

Шанцы на пагадненне аб спыненні агню паміж Ізраілем і палестынскім ХАМАС на аснове існуючых дамоўленасцяў «блізкія да нуля», сярод ізраільскіх удзельнікаў перамоваў існуе «вельмі глыбокі песімізм» на гэты конт, паведамляе тэлебачанне «Канал 12».

«Падобна на тое, што цяперашняя прапанова не будзе дапрацавана цяпер. У гэтага шматэтапнага плана цяпер няма будучыні», — заявіла ананімная крыніца ў ізраільскім абаронным ведамстве, якую цытуе тэлебачанне ў нядзелю.

Перамовы, якія з рознай інтэнсіўнасцю вядуцца на працягу некалькіх месяцаў, грунтуюцца на трохэтапным плане, прадстаўленым прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам у канцы мая. Акрамя спынення баявых дзеянняў, ён прадугледжвае дасягненне трывалага перамір'я, абмен ізраільскіх закладнікаў на палестынскіх палонных і пасляваеннае аднаўленне сектара Газа.

Аднак перамовы, якія вядуцца праз ЗША, Егіпет і Катар, зайшлі ў тупік. Ізраіль і ХАМАС абвінавачваюць адзін аднаго ў выстаўленні новых умоваў і вінавацяць адзін аднаго ў правале перамоваў.

Адміністрацыя ЗША настойвае на пагадненні. Байдэн абвясціў 2 верасня, што новы праект пагаднення будзе прадстаўлены ў бліжэйшы час. Аднак, паводле крыніц «Канала 12», гэта малаверагодна. Сайт Times of Israel пракаментаваў гэтую інфармацыю ў панядзелак са спасылкай на аднаго з чыноўнікаў, які заявіў, што «Ізраіль усё яшчэ чакае» новай амерыканскай прапановы.

Паводле «Канала 12», шанцы на дасягненне пагаднення на аснове папярэдніх дамоўленасцяў былі канчаткова сапсаваны прэс-канферэнцыяй прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху на мінулым тыдні. Падчас гэтага выступу ён падкрэсліў патрабаванне захаваць ізраільскі кантроль над памежнай паласой паміж сектарам Газа і Егіптам. Гэта новае патрабаванне, якое не было ўключана ў першапачатковую прапанову, прадстаўленую Байдэнам у якасці пазіцыі Ізраіля. Супраць прысутнасці ізраільскіх вайскоўцаў на гэтай мяжы выступаюць як ХАМАС, так і Эгіпет.

Пасля канферэнцыі Нетаньяху сваю пазіцыю таксама ўзмацніў лідар ХАМАС Ях'я Сінвар. Тэлебачанне адзначае, што суботняе інтэрв'ю міністра фінансаў Безалеля Смотрыча было не менш разбуральным для пагаднення. Лідар нацыяналістычнай партыі «Рэлігійны сіянізм» заявіў, між іншым, што не пагодзіцца на вызваленне палестынскіх зняволеных, якія адбываюць пакаранне за забойства. Ён таксама паўтарыў, што наогул не згодны ні на якія перамовы з ХАМАС, з якім трэба змагацца, а не размаўляць.

ав