Украінскі бок адмовіўся ад удзелу ў запланаванай сустрэчы ў Варшаве прэзідэнта Караля Наўроцкага і Уладзіміра Зяленскага, паведаміў міністр прэзідэнта Марцін Пшыдач.
Паводле слоў кіраўніка Упраўлення міжнароднай палітыкі ў Канцылярыі прэзідэнта, Украіна не была гатовая да абмеркавання спрэчнага пытання.
— Дакладная дата і час сустрэчы былі ўзгоднены, але за дзень да візіту прэзідэнт Зяленскі адмовіўся ад удзелу, прапанаваўшы іншую дату. Прэзідэнцкі палац прыйшоў да высновы, што ўкраінскі бок відавочна не зацікаўлены ў завяршэнні перамоваў, — сказаў міністр Марцін Пшыдач.
Ён дадаў, што ў украінскага боку няма жадання змяняць назву вайсковай часткі, названай у гонар герояў УПА.
— Спроба праслаўляць забойцаў і злачынцаў генацыду ніяк не можа быць прынята намі. Наадварот: яна сустрэне наш жорсткі адказ. Украінскі бок павінен гэта ўсведамляць, — сказаў Марцін Пшыдач.
Раней прэс-сакратар прэзідэнта
напісаў, што заявы прэзідэнта Украіны пра тое, што прэзідэнт Караль Наўроцкі адмовіўся размаўляць з ім, каб высветліць пытанне аб прысваенні вайсковай частцы імя «герояў УПА», не пацвярджаюцца фактамі.
У паведамленні, апублікаваным на платформе X, прэс-сакратар растлумачыў, што спачатку ўкраінскі бок прапанаваў тэлефонную размову паміж двума прэзідэнтамі, але потым размова не адбылася з-за адсутнасці рэакцыі Уладзіміра Зяленскага.
— Памочнікі прэзідэнта Украіны таксама прапанавалі сустрэчу паміж двума прэзідэнтамі. Былі вызначаны дата і час. Яна не адбылася, таму што прэзідэнт Уладзімір Зяленскі адмовіўся ад удзелу ў сустрэчы, — напісаў Рафал Ляшкевіч у сацыяльных сетках.
Паводле слоў прэс-сакратара прэзідэнта Караля Наўроцкага, «гэта азначае, што ўкраінскія ўлады не былі гатовыя змяніць назву вайсковай часткі, названай у гонар злачынцаў УПА».
— Гэта было проста зацягванне часу, — заявіў Рафал Ляшкевіч.
Прэзідэнт Караль Наўроцкі пазбавіў Уладзіміра Зяленскага Ордэна Белага Арла. У адказ на гэтае рашэнне прэзідэнт Украіны вярнуў ордэн. Уладзімір Зяленскі таксама сказаў, што гэтая сітуацыя з'яўляецца вынікам унутрыпалітычнай барацьбы прэзідэнта Польшчы.
Найвышэйшая польская ўзнагарода была ўручана Уладзіміру Зяленскаму прэзідэнтам Анджэем Дудам у 2023 годзе за яго ўклад у паглыбленне сяброўскіх польска-ўкраінскіх адносін і за барацьбу за мір і бяспеку ў Еўропе.
IAR/яс