Сёння ноччу (04.00 паводле беларускага часу) віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Харыс і былы прэзідэнт Дональд Трамп сустрэнуцца на тэледэбатах. Гэта адна з важнейшых падзеяў амерыканскай выбарчай кампаніі. Стаўкі ў паядынку вельмі высокія, бо апытанні паказваюць вельмі малую розніцу ва ўзроўні папулярнасці Харыс і Трампа.
Дэбаты пройдуць у Філадэльфіі. Арганізатарам выступае тэлеканал ABC. Фармат той жа, што і чэрвеньскі паядынак Дональда Трампа і Джо Байдэна — ён будзе доўжыцца паўтары гадзіны, пройдзе без удзелу гледачоў, і калі адзін кандыдат будзе адказваць, у другога будзе адключаны мікрафон. Каманда Трампа настойвала на такім фармаце, мяркуючы, што адключэнне мікрафона не дазволіць яму часта перабіваць Харыс, паколькі гэта магло б не спадабацца гледачам.
Апытанні грамадскай думкі паказваюць, што барацьба паміж кандыдатамі будзе вельмі жорсткай, паколькі працэнт падтрымкі падобны. Для віцэ-прэзідэнта ЗША гэта магчымасць паказаць амерыканцам, што яна гатовая стаць прэзідэнтам і што яна ўмераны палітык, насуперак заявам рэспубліканцаў, што ў яе радыкальна левыя погляды.
IAR/нг