Беларуская Служба

Сітуацыя з паводкай у Славакіі пагаршаецца

15.09.2024 09:56
У васьмі раёнах абвешчаны вышэйшы ўзровень небяспекі: вада затапіла дамы і дарогі.
Ілюстрацыйны здымакPAP/Maciej Kulczyński

На дадзены момант найгоршая сітуацыя назіраецца ва ўсёй заходняй частцы краіны. З-за моцных дажджоў вада ўжо затапіла частку мястэчка Чадца ля мяжы з Польшчай. Ёсць небяспека, што рака Кысуца, узровень якой дасягнуў амаль чатырох метраў, таксама разальецца. Улады горада звярнуліся да жыхароў з просьбай не пакідаць свае дамы.

Мясцовы ручай затапіў больш за паўсотні дамоў у вёсцы Радашоўцэ на захадзе Славакіі. У бліжэйшых вёсках пажарныя дапамагаюць адпампоўваць ваду яшчэ з некалькіх ферм.

Кіроўцы ў некаторых месцах Славакіі таксама сутыкнуліся з сур'ёзнымі праблемамі. Сярод іншага, падтоплены ўчастак трасы D2 у бок Браціславы ў раёне горада Захор. У сталіцы Славакіі многія вуліцы затопленыя пасля моцных дажджоў, вялікія праблемы з грамадскім транспартам.

Аднак позіркі службаў і жыхароў скіраваныя на Дунай, узровень якога штогадзіны расце, рака ўжо пачала разліваецца ў суседняй Вене.

ПР/юл